Уладзімер Арлоў, Менск Нашае знакамітае мястэчка Ракаў заўсёды адгукаецца ў маёй сьвядомасьці ня толькі імёнамі прафэсара-філёляга Вячаслава Рагойшы й размаіта таленавітых шматлікіх братоў Янушкевічаў, але і імем аднаго з найвыбітнейшых беларускіх авантурнікаў прамінулага стагодзьдзя Сяргея Пясецкага, жыцьцё якога мяне ў аднолькавай ступені і захапляе, і палохае, а напісаныя ім кнігі выклікаюць добрую зайздрасьць.
Пазашлюбны сын шляхціча зь вядомага ліцьвінскага роду, Сяргей ужо ў сямнаццаць гадоў браў удзел у змаганьні з бальшавікамі, ваюючы ў аддзеле атамана Дзеркача (Вячкі Адамовіча), які неўзабаве ўзначаліў “Зялёны дуб” — беларускую палітычную арганізацыю, што ў 1919—1930 гадах кіравала антыбальшавіцкім сялянскім рухам. Дзяркач, што апрача арганізацыі партызанскіх акцыяў не бязь пэўнага посьпеху займаўся і літаратурнай творчасьцю, ня ведаў, што пад ягонай рукой ваюе адзін з будучых выдатных польскіх пісьменьнікаў. Не падазраваў нічога такога і сам Пясецкі, які на той час ведаў па-польску ўсяго якую сотню слоў.
У 1921-м ён апынуўся ў Заходняй Беларусі, дзе стаў агентам польскай вайсковай выведкі, займаючыся па другі бок мяжы дывэрсіямі і знаходзячы час на маштабную кантрабандысцкую дзейнасьць ў ваколіцах памежнага Ракава. (Тагачасныя прыгоды лягуць пазьней у аснову яго першага раману “Каханак Вялікай Мядзьведзіцы”.)
Праз свой авантурны характар і схільнасьць да чаркі й боек Пясецкі мусіў разьвітацца з турботнай працаю выведніка, але лягчэйшым ягонае жыцьцё не зрабілася. Знаходзячыся пад узьдзеяньнем какаіну, ён учыніў цяжкое злачынства і ў 1926-м быў засуджаны на расстрэл, які за колішнія заслугі перад выведніцкім ведамствам замянілі на 15 гадоў зьняволеньня.
Калі б я апынуўся разам зь ім за кратамі, відаць, таксама браў бы ўдзел у арганізаваных Пясецкім трох бунтах, якія скончыліся ягоным пераводам у самую жорсткую польскую турму “Сьвяты Крыж”, дзе былы дывэрсант і кантрабандыст нарэшце вывучыў польскую мову і пачаў пісаў на ёй мастацкія творы.
Публікацыя першага ж раману зрабіла Пясецкага надзвычай папулярным і выклікала магутную й пасьпяховую кампанію па датэрміновым вызваленьні хворага на сухоты пісьменьніка. Ён выйшаў на волю ў 1937-м і ўжо ў наступным годзе разглядаўся як кандыдат на Нобэлеўскую прэмію.
У гады Другой сусьветнай вайны Сяргей Пясецкі гераічна ваяваў на Віленшчыне ў аддзелах Арміі Краёвай і выславіўся тым, што сярод белага дня наладзіў у Вільні уцёкі з гестапа Язэпа Мацкевіча, які потым стаў ці не найбольш знакамітым пісьменьнікам польскай эміграцыі. У гэтым з Мацкевічам спаборнічаў ягоны вызваліцель, што таксама эміграваў спачатку ў Італію, а затым у Англію.
Сярод больш чым дзясятка раманаў, перакладзеных на шмат якія мовы сьвету, самы вядомы, напэўна,— “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі”, што ў камуністычнай Польшчы знаходзіліся пад забаронаю, а па-беларуску ў перакладзе Алеся Астраўцова выйшалі толькі ў 2005 годзе. Прызнаюся, што, чытаючы гэтую кнігу, я напачатку быў трохі ўквелены празьмерным, як мне здалося, гратэскам, але, згадаўшы свой уласны армейскі досьвед, зразумеў, што аніякага перабору тут няма, і цалкам пагадзіўся зь перакладчыкам, які ў прадмове адзначае, што “Запіскі...” ёсьць “адным з найбольш пасьлядоўных, зьнішчальных, бескампрамісных, але ў той жа час таленавітых і па-сапраўднаму сьмешных (гумар, што праўда,— “чорны”) прыкладаў сатырычнага адлюстраваньня антычалавечае сутнасьці савецкае сыстэмы”.