Чаму Лукашэнка прызнаўся ў фальшаваньні прэзыдэнцкіх выбараў-2006?

Вячаслаў Кулік, Менск Аляксандар Лукашэнка падчас прэс-канфэрэнцыі для ўкраінскіх журналістаў заявіў, што “апошнія выбары мы сфальшавалі”. Гэтае прызнаньне працягваюць камэнтаваць спэцыялісты.
Прафэсар сацыялёгіі Алег Манаеў даводзіць, што заява Лукашэнкі пра фальсыфікацыю на апошніх выбарах не зьяўляецца сэнсацыяй:

(Манаеў: ) “Лукашэнка ўпершыню сказаў пра гэта на сустрэчы з адным заходнім высокапастаўленым дыпляматам паўгоду таму — у чэрвені. Так што, хутчэй, пытаньне ня ў тым, калі ён гэта сказаў, а чаму менавіта цяпер? У той калізіі, што склалася менавіта цяпер у дачыненьнях Лукашэнкі з Крамлём, дэманстраваць проста, што ён працягвае кантраляваць сытуацыю, недастаткова! Яму трэба дэманстраваць, што ён мае абсалютную падтрымку, і што ён адзіны ўвогуле прадстаўнік і выразьнік гэтай краіны і яе народу”.

У інтэрвію Радыё Свабода былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў выказвае меркаваньне, што заява Лукашэнкі сапраўды сьведчыць пра фальшывыя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў.

(Пастухоў: ) “Заява Лукашэнкі пра фальсыфікацыю на апошніх выбарах — сам факт вельмі дзіўны. Ён кепска характарызуе кіраўнікоў, якія так вольна могуць падаваць такія лічбы. Гэта яшчэ адна падстава лічыць, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі несумленныя. Зь лічбамі, што мусяць быць праўдзівыя й бездакорныя, абыходзіцца так ня можа ніхто”.

Пра тое, што “Цэнтравыбаркам ня мае фактаў фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў”, заявіў напярэдадні сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Сёньня ў Цэнтравыбаркаме “лекцыйны дзень”. У канцылярыі ўстановы тлумачаць, што “старшыня і сакратар чытаюць лекцыі ў навучальных установах”. Калі ж усё-такі ўдалося датэлефанавацца да Мікалая Лазавіка, ён адмовіўся ад гутаркі:

(Лазавік: ) “Я ўстрымліваюся ад якіх-небудзь камэнтароў”.

Паводле заслужанага юрыста Беларусі Валер’я Фадзеева, за фальсыфікацыю вынікаў выбараў Лукашэнка й Цэнтравыбаркам павінны адказваць юрыдычна.

(Фадзееў: ) “Калі быў дадзены загад на фальшаваньне вынікаў выбараў, то незалежна ад таго, у які бок гэта зроблена, — фальсыфікацыя ёсьць фальсыфікацыяй. За яе трэба адказваць. Існуе адказнасьць за парушэньні выбарчага заканадаўства. Відаць, што можа зьявіцца такая ініцыятыўная група. Але самі юрысты ці палітыкі наўрад ці што вырашаць. Трэба, каб працавалі праваахоўныя органы”.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка паведаміў Радыё Свабода, што ў панядзелак мае намер падаць у Пракуратуру Беларусі заяву аб завядзеньні крымінальнай справы. Матывацыя — “у сувязі з фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку гэтага году”.