Алег Грузьдзіловіч, Менск 23 лістапада Ірына Казуліна даслала мужу ў калёнію тэлеграму, у якой паведаміла, што камітэт Генэральнай асамблеі ААН у адмысловай рэзалюцыі асудзіў парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Жонка палітыка спадзяецца, што навіна стане падставай для спыненьня Аляксандрам Казуліным галадоўкі.
Нагадаем, былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Казулін галадае ад 20 кастрычніка ў віцебскай калёніі, куды ён трапіў як асуджаны на пяць з паловай гадоў за хуліганства й арганізацыю вулічных беспарадкаў. Палітык пратэстуе супраць незаконнага, як ён лічыць, знаходжаньня пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі й дамагаецца разгляду беларускага пытаньня ў ААН.
Рэзалюцыя “Стан у галіне правоў чалавека ў Беларусі” вінаваціць афіцыйны Менск у невыкананьні абавязаньняў правесьці вольныя й справядлівыя выбары, а таксама асуджае крымінальны перасьлед прадстаўнікоў апазыцыі. Рэзалюцыя была прынятая ў 3-м камітэце Генэральнай асамблеі ААН з ініцыятывы ЗША і краінаў Эўразьвязу. За рэзалюцыю галасавалі 70 краін, супраць — 31 краіна, уключна з Расеяй і Кітаем, устрымаліся 67 дэлегацыяў.