Лукашэнка прадугледжвае катастрафічна цяжкі 2007 год

Радыё Свабода "Гэта будзе вельмі цяжкі год, будзе катастрафічна цяжка", – заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка на ўрадавай нарадзе. Паводле яго, выйсьцем зь цяжкага стану ў сувязі з падвышэньнем цэнаў на расейскія энэрганосьбіты можа быць павелічэньне вытворчасьці і продаж тавараў за мяжу.
"Нам, каб выжыць у гэтай цяжкай сытуацыі і быць багацейшымі, трэба больш вырабляць і прадаваць. А гэта найлюцейшая канкурэнцыя, і мы ў кагосьці, груба кажучы, мусім адабраць кавалак хлеба і ўзяць чыйсьці рынак", –сказаў Лукашэнка.

"Я заклікаю ўсіх – і Шэймана, і Сідорскага, і Пракаповіча, і Ломаця – працаваць у кірунку Вэнэсуэлы, Ірану, Азэрбайджану", – дадаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсьліў, што галоўнай задачай кіраўніцтва Беларусі напярэдадні 2007 году стане пошук новых крыніцаў энэрганосьбітаў па-за Расеяй.

"Гэта трэба зрабіць, калі мы хочам захаваць краіну для нашых дзяцей, сувэрэнітэт і незалежнасьць, каб нас кожны дзень, месяц, кожны год ня ставілі да сьценкі, не раскрыжоўвалі і не крычалі: "Давай, плаці за газ і нафту", – сказаў Лукашэнка.