У рэгіёнах выступаюць супраць скліканьня Кангрэсу

Радыё Свабода Сёньня ў Берасьцейскім і Гомельскім рэгіёнах прадстаўнікі шэрагу грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў зьбіраюць подпісы пад зваротам да Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Зварот накіраваны супраць правядзеньня ў найбліжэйшай пэрспэктыве Кангрэсу дэмакратычных сілаў.
Каардынуе працу ў рэгіёнах па збору подпісаў пад зваротам да Палітрады Юрась Губарэвіч. У часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ён быў старшынём Берасьцейскага абласнога штабу кандыдата Аляксандара Мілінкевіча. Спадар Губарэвіч даводзіць, што на сёньня “ніхто, апроч Лукашэнкі, ня можа параўняцца з абраным лідэрам па ступені пазнавальнасьці й папулярнасьці ў Беларускім грамадзтве”.