Ці зьменяцца дачыненьні Беларусі і Эўразьвязу?

Валер Каліноўскі, Менск У Менску і Брусэлі афіцыйна прэзэнтаваная новая палітыка Эўрапейскага зьвязу ў дачыненьні да Беларусі. Кіраўнік кіеўскага офісу Эўракамісіі Іен Боўг перадаў у МЗС Беларусі і адміністрацыю А.Лукашэнкі прапановы Эўразьвязу, якія прадугледжваюць значныя эканамічныя і гуманітарныя выгоды народу Беларусі ў выпадку, калі беларускія ўлады вызваляць палітвязьняў, правядуць дэмакратызацыю выбарчай сыстэмы, будуць выконваць іншыя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека. Як могуць паўплываць гэтыя прапановы на адносіны Эўразьвязу і Беларусі?
Афіцыйнай рэакцыі Менску на прапановы Эўразьвязу пакуль няма, прапановы Брусэлю нават не згадалі ў вечаровых выпусках навін дзяржаўных тэлеканалаў. Адчуваецца пэўная разгубленасьць уладаў, таму што проста ігнараваць свайго найбольшага суседа – Эўразьвяз – і ягоныя ініцыятывы афіцыйны Менск ня можа. Вось як пракамэнтаваў прапановы Эўразьвязу дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Катляроў.

(Катляроў: ) “У нас шматвэктарная палітыка, таму Беларусь павінна працаваць на ўсіх франтах, на ўсіх накірунках. Ісьці насустрач Эўразьвязу трэба, але ня так, каб Эўразьвяз навязваў свае рашэньні. Бессэнсоўна цалкам падпарадкоўвацца Эўразьвязу. Калі Эўразьвяз працягвае руку, то трэба таксама яе працягнуць і паціснуць, але ўсё залежыць ад таго, што Эўразьвяз ад нас хоча”.

Апазыцыйныя беларускія палітыкі пераважна кажуць, што ня вераць у здольнасьць афіцыйнага Менску пайсьці на дэмакратычныя зьмены, якіх дамагаецца Эўразьвяз. У Эўразьвязе таксама не чакаюць, што Беларусь адразу пагодзіцца памяняць свой палітычны лад і выканае ўсе рэкамэндацыі. Але прадстаўнікі эўрапейскіх краінаў выказваюць стрыманыя спадзяваньні на лепшае. Часовы павераны ў справах Чэхіі ў Беларусі Уладзімір Румл:

(Румл: ) “Канешне, я спадзяюся. Таму што ў адваротным выпадку не было б ніякага сэнсу рабіць такі крок і такую працу. За гэтым дакумэнтам шмат працы”.

А прадстаўнік Эўракамісіі Іен Боўг зазначыў, што ў выпадку пазытыўнай рэакцыі афіцыйнага Менску будуць і іншыя крокі Брусэлю, якія ня ўзгадваюцца ў дакумэнце.

(Боўг: ) “Як будзе беларускі ўрад рэагаваць – мы будзем чакаць і бачыць. Мы вельмі спадзяемся, што ўрад будзе разглядаць гэта як пазытыўны дакумэнт на пэрспэктыву, што ўрад скарыстаецца гэтымі ідэямі, і гэта дасьць нам магчымасьць пачаць рэалізоўваць некаторыя рэчы, якія знаходзяцца ў ценю гэтага дакумэнту”.

У любым выпадку, паводле спадара Боўга, Эўразьвяз працягне сваю падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі, будзе працягвацца і супрацоўніцтва ў ахове супольных межаў, недапушчэньня гандлю людзьмі, наркатрафіку і злачыннасьці. А таксама ў справе рэабілітацыі забруджаных радыяцыяй тэрыторыяў Беларусі.

Ані Іен Боўг, ані эўракамісар Беніта Фэрэра-Вальднэр ня кажуць аб канкрэтных сумах магчымай дапамогі Беларусі, патэнцыйных супольных праектаў, у выпадку, калі Менск пойдзе насустрач Брусэлю. Менскі эканаміст Яраслаў Раманчук адзначае, што ў прапановах Брусэлю няма такой канкрэтыкі, але кажа, што, як паказвае гісторыя, цягам апошніх 30 гадоў ніводная краіна не прайграла ад таго, што збліжалася з аб’яднанай Эўропай. Беларусы таксама маглі б разьлічваць на эўрапейскія інвэстыцыі, новыя тэхналёгіі, дадатковыя працоўныя месцы і, урэшце, большыя заробкі, кажа Рамачук:

(Раманчук: ) “Беларусь прайшла б пэрыяд рэструктурызацыі і рэформ без жудасных сацыяльных крызысаў, якія былі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. І калі такую суму можна назваць – то гэта ад 2 да 5 мільярдаў даляраў у год, якія мы атрымлівалі б дадаткова”.

Ад 1996 году адносіны Беларусі і Эўразьвязу на вышэйшым узроўні замарожаныя, пагадненьне “Аб партнэрстве і супрацоўніцтве паміж Эўразьвязам і Беларусьсю” не ратыфікаванае дагэтуль. Беларусь – адзіная краіна, якая мае мяжу з Эўразьвязам і якая застаецца не далучанай да Палітыкі суседзтва Эўразьвязу.

Беларускі экспарт у Эўразьвяз: тэкстыль, калійныя солі – абмяжоўваецца квотамі і антыдэмпінгавымі санкцыямі. Сёлета Эўракамісія пачала разгляд пытаньня аб вывадзе Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў у гандлі з Эўразьвязам, што можа каштаваць бюджэту краіны каля 300 мільёнаў эўра. Нарэшце, варта нагадаць пра забарону А. Лукашэнку і іншым вышэйшым беларускім чыноўнікам наведваць краіны Эўразьвязу.

Менску і Брусэлю нават не ўдаецца дамовіцца аб адкрыцьці прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску, хаця Беларусь мае сваё дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Брусэлі. Больш за год адпаведная заяўка разглядаецца ў МЗС Беларусі. Там лічаць гэта дробным пытаньнем. Прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Папоў:

(Папоў: ) “Сытуацыя разглядаецца, увогуле гэтае пытаньне шмат у чым другаснае, датычна тых больш маштабных пытаньняў нашых дачыненьняў, так бы мовіць, філязофіі нашага дыялёгу з Эўразьвязам”.