Паўла Красоўскага ўжо не падазраюць у згвалтаваньнях ды забойствах (фота)

Радыё Свабода, Віцебск Актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”Паўла Красоўскага сёньня зноў выклікалі ва Ўправу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю ў Віцебску.
Старэйшы сьледчы Рэспубліканскай пракуратуры Аляксандар Рассолька паведаміў Паўлу Красоўскаму, што матэрыялы экспэртызаў пацьвярджаюць ягоную недатычнасьць да згвалтаваньняў і забойстваў.

Адвакат Павал Сапелка заявіў, што скасаваньне абвінавачваньняў — гэта першы крок да скасаваньня ўсіх падазрэньняў супраць Красоўскага. І хаця Павал па-ранейшаму застаецца падазраваным у справе мінулагодніх віцебскіх выбухаў, актывіст Маладога фронту і ягоны адвакат спадзяюцца, што і гэтае падазрэньне будзе зьнятае.

Нагадаем, што Павала Красоўскага падазравалі ў шэрагу цяжкіх злачынстваў: у датычнасьці да арганізацыі выбухаў у Віцебску 14-га і 22-га верасьня 2005 году і ў згвалтаваньнях ды забойствах дзьвюх дзяўчат у 1999 годзе.