На Гарадзеншчыне апазыцыянэры ня мелі вялікіх праблемаў з рэгістрацыяй

Сяргей Астраўцоў, Гародня На Гарадзеншчыне апазыцыйныя партыі ня мелі вялікіх праблемаў з рэгістрацыяй ініцыятыўных групаў для ўдзелу сваіх кандыдатаў у мясцовых выбарах. Гэта — паводле папярэдніх зьвестак.
Аб’яднаная грамадзянская партыя падала на рэгістрацыю ў вобласьці сьпісы ўдзельнікаў 31 ініцыятыўнай групы. Як паведаміў кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін, ужо ў сярэдзіне дня былі атрыманыя пасьведчаньні аб рэгістрацыі 22 групаў.

(Істомін: ) “Так, пакрыху ўсім нашым групам выдаюць дакумэнты аб рэгістрацыі. Праўда, знайшлі двух чалавек, у якіх былі праблемы з пашпартамі, яны здалі іх на пераафармленьне. І гэтых людзей выключылі са сьпісаў ініцыятыўных групаў. А так увогуле ўсё пакуль ідзе паводле пляну”.

Праўда, спачатку адмовіліся браць дакумэнты ў групы Мікалая Ўласевіча ў Астраўцы — нібыта на падставе таго, што ён пражывае не на тэрыторыі выбарчай акругі. Але прадстаўнікі АГП зьвярнуліся ў пракуратуру, і гэтае пытаньне мае разьвязацца, зазначыў спадар Істомін.

Пачалі сёньня атрымліваць пасьведчаньні аб рэгістрацыі таксама ініцыятыўныя групы Партыі камуністаў Беларускай. Кіраўнік абласной арганізацыі Анатоль Іванчык нам паведаміў, што яны вырашылі вылучаць у вобласьці 27 сваіх кандыдатаў, зь іх 7 чалавек — у абласны савет.

Партыя БНФ вырашыла стварыць 16 ініцыятыўных групаў, большасьць — для ўдзелу партыйных кандыдатаў у выбарах у гарадзкія і раённыя саветы. Праўда, кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Мальчык сказаў, што яны мяркуюць дачакацца заўтрашняга дня, каб мець поўныя зьвесткі аб рэгістрацыі сваіх ініцыятыўных групаў.