Зьняволеную праваабаронцу пераводзяць у Гомельскую жаночую калёнію

Любоў Лунёва, Менск Праваабаронцу Кацярыну Садоўскую, якую пакаралі зьняволеньнем на два гады за абразу Аляксандра Лукашэнкі, пераводзяць у Гомельскую жаночую калёнію.
Кацярына Садоўская даслала ліст сваякам, датаваны 9 лістапада. Яна напісала, што адміністрацыя Менскага сьледчага ізалятара запатрабавала, каб жанчына напісала заяву з просьбай накіраваць яе адбываць пакараньне ў калёнію.

Згодна з заканадаўствам, праваабаронцу мусяць трымаць у СІЗА, пакуль не прыйдзе афіцыйны адказ з вышэйшай інстанцыі на касацыйную скаргу. 60-гадовая Кацярына Садоўская перанесла анкалягічную апэрацыю за два месяцы да арышту і кепска сябе адчувае. Яна спадзявалася, што яе накіруюць на абсьледаваньне у турэмны шпіталь.