Экспэрты: Пуцін хоча прымусіць Лукашэнку пайсьці на палітычныя саступкі

Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Маскве адбываецца сустрэча Ўладзімера Пуціна й Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнікі дзяржаваў абмяркоўваюць найбольш вострыя пытаньні дачыненьняў — найперш цэны на газ і нафту. Палітолягі лічаць, што сёньняшнія перамовы прымусяць Беларусь сапраўды заняцца саюзнай інтэграцыяй.
Дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў у Маскве, сябра Грамадзкай палаты пры прэзыдэнту Расеі Сяргей Маркаў гаворыць, што апошнім часам рух на інтэграцыйнай дарозе моцна замарудзіўся:

(Маркаў: ) “Я думаю, што Расеі й Беларусі патрэбны вельмі сур’ёзны дыялёг, вельмі сур’ёзная трансфармацыя палітыкі, каб вярнуцца на шлях паскарэньня інтэграцыі. Я думаю, што Расеі й Беларусі падышла б сыстэма, паводле якой аб’ядналіся Кітай і Ганконг: адна краіна — дзьве сыстэмы. У гэтым кірунку ёсьць сэнс разьвівацца далей. Мне здаецца, што цяперашняе супярэчаньне часткова зьвязанае з тым, што Расея адчувае сваё ўзмацненьне і хацела б перавесьці цэны на энэрганосьбіты на больш высокі ўзровень — і атрымліваць на бізнэс-узроўні больш грошай”.

Старшыня аналітычнага цэнтру “Стратэгія” ў Менску Леанід Заіка лічыць, што менавіта Масква надалей будзе дыктаваць Менску формы інтэграцыі. Таму кошты газу для Беларусі ў наступным годзе вызначаць паводзіны кіраўніка беларускай дзяржавы сёньня:

(Заіка: ) “Лукашэнка сёньня мусіць даць два абяцаньні: першае — наконт увядзеньня расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты, і другое — наконт правядзеньня рэфэрэндуму. Калі абодва адказы, у першую чаргу, наконт адзінай валюты, будуць станоўчыя, дык і Расея дасьць станоўчы адказ пра цэны на газ”.

Палітоляг Андрэй Суздальцаў, якога сёлета дэпартавалі зь Беларусі, цяпер працуе выкладчыкам на катэдры ўсясьветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве. На ягоную думку, сур’ёзных аргумэнтаў супраць патрабаваньняў Масквы — перавесьці дачыненьні зь Беларусьсю на рынкавыя рэйкі — у кіраўніка беларускай дзяржавы няма.

(Суздальцаў: ) “Гэта нібыта праца старога млына — Лукашэнка сёньня зноў пускае ў ход ранейшыя тэзы: братэрства, дружба, неабходнасьць, дапамажыце ды гэтак далей. Але гэтым разам псыхалягічна яму будзе вельмі цяжка, бо Пуцін пры ўсёй ляяльнасьці добра ведае, што неабходна цяпер для ягонай краіны, для падвышэньня дабрабыту расейцаў. І надалей марнаваць грошы на падтрымку Беларусі няма сэнсу, бо зьявілася адна надзвычайна важная праблема — паміж Масквой і Менскам зьнікла атмасфэра даверу. Апошні досьвед працы зь беларускім кіраўніцтвам паказвае, што яно крывадушнае. Яно не выконвае сваіх абяцаньняў”.