Як у сьвеце камэнтуюць прысуд былому ірацкаму дыктатару

Радыё Свабода Суд у Багдадзе прысудзіў былога ірацкага дыктатара Садама Хусэйна да сьмяротнага пакараньня праз павешаньне. Яго прызналі вінаватым у злачынствах супраць чалавечнасьці.
Лідэры Іраку лічаць справядлівым прысуд, вынесены Садаму Хусэйну. Прэм’ер-міністрар Іраку Нуры Аль-Малікі назваў прысуд перамогай усіх ахвяраў Хусэйна і пачаткам новай эры для краіны.

Лідэры ЗША і Вялікай Брытаніі, як і лідэры Іраку, назвалі справядлівым прысуд Садаму Хусэйну.

Аднак лідэры Францыі, Італіі і Гішпаніі заявілі, што яны прынцыпова выступаюць супраць сьмяротнага пакараньня. Кіраўніца ведамства ААН ў правах чалавека Луіза Арбур заклікала ўлады Іраку ўвесьці маратор на сьмяротнае пакараньне і забясьпечыць разьбіральніцтва апэляцый адвакатаў Садама Хусэйна і ягоных паплечнікаў.

З заклікам да ўладаў Іраку – не прыводзіць прысуд у выкананьне зьвярнулася Фінляндыя, цяперашні старшыня Эўразьвязу.

Урад Ірану, які ў 1980-ыя гады вёў з Іракам шматгадовую вайну, заявіў, што сьмяротнае пакараньне – гэта мінімум таго, што заслужыў Садам Хусэйн.

Праваабаронцы крытычна паставіліся да судовага працэсу. Арганізацыі “Міжнародная амністыя” і "Хьюмэн райтс уотч" заявілі, што суд ня быў аб’ектыўным і справядлівым і наўрад ці можа лічыцца ўзорам правасудзьдзя.