Ю.Хадыка: галадоўка салідарнасьці ў Берасьці заслугоўвае павагі

Вячаслаў Кулік, Менск Пайшлі пятыя суткі берасьцейскай галадоўкі салідарнасьці. У акцыі падтрымкі палітвязьня Аляксандра Казуліна ўдзельнічаюць сябры абласной і гарадзкой арганізацыяў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), а таксама прыхільнікі іншых апазыцыйных рухаў і партыяў.
Ад сёньня ў офісе берасьцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) вісіць графік, паводле якога да галадоўкі будуць далучацца сябры партыі. Кіраўнік акцыі Ігар Маслоўскі гаворыць пра намеры трыццаці чалавек:

(Маслоўскі: ) “Мы атрымалі дасьледаваньне прафэсара Манаева, што толькі каля 45% насельніцтва Беларусі ведаюць, што Аляксандар Казулін цяпер за кратамі. Таму менавіта гэтая галадоўка адбываецца ланцужком, каб прыцягнуць як мага болей увагі. Мы маем намер доўжыць акцыю да таго часу, пакуль у турме галадае спадар Казулін”.

Ігар Маслоўскі даводзіць, што першую ў Беларусі акцыю такога фармату падтрымалі ўжо сябры апазыцыі ў Горадні й Баранавічах ды іншых рэгіёнах:

(Маслоўскі: ) “Тэлефануюць людзі, якія працавалі ў штабе Казуліна. Тлумачым, каб распавядалі сярод знаёмых ды сяброў, што два ці тры дні галадаюць на знак салідарнасьці з Аляксандарам Казуліным. Мы галадаем, таму што галадае Аляксандар Казулін. Мы яго маральна падтрымліваем. Але нашы дзеяньні не накіраваныя на скрайнія меры. Цяпер мы знаходзімся ў палітычнай кампаніі — гэта мясцовыя выбары. Нам трэба быць у добрай фізычнай форме, удзельнічаць і змагацца”.

Гэта меркаваньне Ігара Маслоўскага. Ацэнка акцыі ад выканаўцы абавязкаў старшыні БСДП (Грамада) Анатоля Ляўковіча:

(Ляўковіч: ) “А што дазваляецца ў нашай краіне рабіць? Пікеты забараняюць. За ўлёткі таксама адлоўліваюць. Ну, людзі прыдумалі вось такое. На мой погляд, хваля хоць якая, але ідзе”.

Прафэсар Юры Хадыка мае досьвед палітычных галадовак. Цяперашнюю ініцыятыву берасьцейцаў ён ухваляе:

(Хадыка: ) “Я да любой галадоўкі ставіўся б з павагай. Таму што чалавек добраахвотна ідзе на даволі жорсткія абмежаваньні. І лепшага спосабу, каб прыцягнуць увагу да пэўнай праблемы, у нас цяпер практычная няма. Я мяркую, што цяперашнюю галадоўку ў Берасьці ня трэба разглядаць з погляду яе эфэктыўнасьці. Пост хіба мае эфэктыўнасьць? Для чалавека — так, бо дае пэўнае ўмацаваньне ягоных духоўных сілаў. Так і галадоўка. Гэта знак салідарнасьці, гатоўнасьці да змаганьня”.