Расея ня будзе заступацца за беларускіх палітвязьняў

Валер Каліноўскі, Менск Расейскі амбасадар у Менску Аляксандар Сурыкаў сёньня адказаў на пытаньне “Свабоды”, чаму ягоная краіна адрозна ад іншых дзяржаваў-сябраў вялікай васьмёркі не выказваецца ў абарону беларускіх палітвязьняў.
(Сурыкаў: ) “Мы не зьбіраемся ўмешвацца ва ўнутраныя справы сувэрэннай Беларусі. Беларусь ня будзе сувэрэннай, калі пад ціскам меркаваньня Расеі кагосьці вызваляць ці не арыштуюць. У вас ёсьць сваё заканадаўства, ніхто не прэтэндуе на ўмяшальніцтва ў яго. Працуйце, калі ласка. Самі выпраўляйце, каб меней саджалі, калі камусьці не падабаецца”.

Нэгатыўную рэакцыю іншых краінаў на крымінальны перасьлед апазыцыі ў Беларусі спадар Сурыкаў патлумачыў тым, што ім “не падабаецца ўлада ў Беларусі”.

Пры гэтым, адказваючы на іншае пытаньне, чаму расейская Дзярждума не ратыфікуе пагадненьня аб роўных правах грамадзянаў Беларусі й Расеі, спадар Сурыкаў падкрэсьліў, што "Беларусь — унітарная краіна, а Расея — дэмакратычная", і яе парлямэнт не паддаецца такому ж кіраваньню, як у Беларусі.