Польшча: былыя афіцэры спэцслужбаў страцяць высокія пэнсіі

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы былыя афіцэры камуністычных спэцслужбаў будуць пазбаўленыя высокіх пэнсіяў – пра гэта заявіла кіраўніцтва кіруючай цяпер у краіне партыі “Права і справядлівасьць”. Паводле палітыкаў, такім чынам будзе адноўлена “гістарычная справядлівасьць”.
“Гістарычная справядлівасьць павінна быць адноўленая. Ня можа быць так, што людзі, які калісьці служылі камуністычнаму рэжыму, перасьледавалі актывістаў дэмакратычнай апазыцыі а потым “Салідарнасьці”, у свабоднай Польшчы атрымлівалі пэнсіі памерам нават 2 тысячы даляраў”, – заявіў Марэк Кухціньскі – кіраўнік парлямэнцкай фракцыі кіруючай партыі “Права і справядлівасьць”.

Паводле ягоных словаў, у бліжэйшым часе партыя перадасьць праект адпаведнага закону ў гэтай справе ў Сэйм.

Чым займаюцца цяпер былыя афіцэры камуністычных спэцслужбаў? Некаторыя зь іх гэта пасьпяховыя бізнэсоўцы.

(Дудэк: ) “Вядомыя выпадкі, калі былыя афіцэры спэцслужбаў стварылі фірмы разам з агентамі, якіх калісьці завэрбавалі. Яны маюць вельмі моцную псыхалягічную сувязь”, – кажа Антоні Дудак, гісторык з Інстытуту нацыянальнай памяці.

“Права і справядлівасьць” лічыць адной са сваіх галоўных задачаў ліквідацыю “посткамуністычных структураў” у Польшчы.