Тацяна Поклад, Вільня Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”. Эфір 31 кастрычніка.
Дзяды: ці гэтую традыцыю бяруць з сабой сучасныя эмігранты
Апошнімі кастрычніцкімі днямі беларусы наведваюць магілы родных і шанаваных людзей, прыбіраюць могілкі. Лістапад пачынаецца, і могілкі зіхцяць сьвечкамі-зьнічкамі, а ўвечары некаторыя сем''і ў чыста прыбраных хатах, як і стагодзьдзі таму, зьбіраюцца за памінальнай вячэрай. Гэта – даўняя традыцыя, якая сягае дахрысьціянскіх часоў.
У Беларусі ад 1988 году гэтая традыцыя выяўляецца і як грамадзкі чын: ушаноўваецца памяць забітых у Курапатах, ладзяцца талокі, шэсьці, ставяцца крыжы. Гэта – Дзяды. Нагода ушанаваць продкаў, якая яднае і канфэсіі, і нават – і вернікаў, і атэістаў.
А ці ёсьць Дзяды ў жыцьці маладзейшага пакаленьня беларусаў, якія зьехалі вучыцца, працаваць за мяжу?
Здавалася б, што за пытаньне! Як і іншыя беларускія традыцыі, Дзяды заўсёды ўшаноўваюцца “старой эміграцыяй”, – кожная суполка, пэўна ж, ніколі не забываецца на іх.
Айцец Аляксандар Надсан зь Лёндану, апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў усходняга абраду і вядомы грамадзкі дзяяч:
(а. Надсан: ) “Мы, безумоўна, будзем маліцца за памерлых у наступную суботу. Але да нас, тых, што ва ўсходнім абрадзе, мне здаецца, Дзяды да нас прыйшлі ў часе уніі пад уплывам каталікоў рымскага абраду. Бо звычайна праваслаўныя ў суботу моляцца за памерлых, і вось Зьмітраўская субота набліжаная да каталіцкага 2 лістапада, Дня задушнага.
А цяпер ў Беларусі гэта і грамадзкая падзея, усе разам адзначаюць, калі ушаноўваюць памяць загінулых ад рэпрэсіяў. Маліцца за памерлых трэба абавязкова, асабліва – за тых, чые імёны невядомыя, за каго ніхто, можа, ня моліцца. І калі ня мы, то хто?! Наш абавязак пра іх не забывацца”. Айцец Аляксандар Надсан кажа, што памінаньне продкаў, ушанаваньне Дзядоў – гэта найперш малітва. І тут не настолькі важна, дзе чалавек знаходзіцца, як далёка ад яго магілы продкаў, як далёка ён ад Бацькаўшчыны ад''ехаў.
У размовах зь беларусамі замежжа маладзейшага пакаленьня я ня раз чула пра тое, што адарванымі ад Бацькаўшчыны яны сябе ня лічаць – у сучасным глябальным сьвеце зьмяняецца сам сэнс таго, што раней называлі эміграцыяй. Вось у жыцьці такіх беларусаў якое месца займаюць Дзяды?
У розных краінах – па-рознаму, шмат чыньнікаў уплывае. Колькі людзей – столькі адказаў.
Вось адзін адказ – зь Вялікай Брытаніі, з Манчэстэру. Алена Барабанцава там вучыцца ў дактарантуры, а калі я ёй патэлефанавала, быў акурат яе першы дзень на новай працы.
(Барабанцава: ) “Дзяды... не, тут не адзначаем. Ёсьць нас тут колькі беларусаў у Манчэстэры, але ў кожнага – вучоба, дысэртацыя, праца, цяпер нават амаль ня бачымся, не стае часу”.
Алена кажа, што яе сям''я ў Беларусі Дзяды ўшаноўвае – у гэтыя выходныя езьдзілі ў родную вёску, на магілы дзядоў. А ў Манчэстэры, дзе Алена працуе над дысэртацыяй, у яе інтэрнаце, яна увогуле адзіная ня тое што зь Беларусі, але з усёй Усходняй Эўропы.
Аднагодкі Алены ў ЗША, зь якімі я размаўляла пра Дзяды, жывуць у Вашынгтоне і Нью-Ёрку – там шмат беларускай моладзі, да таго ж грамадзка актыўнай.
(Чыж: ) “Дзядоў мы не адзначаем, так склалася. Апошняе, што мы сьвяткавалі разам – Купальле. У нас сабралася шмат народу, самага рознага веку, сапраўды сьвята атрымалася. Мы ўвогуле шмат цікавага і важнага робім, а вось Дзядоў – так павялося, не адзначаем”.
Андрэй Чыж, нью-ёрскі актывіст Згуртаваньня беларускай моладзі ў Амэрыцы, распавёў мне, над чым яны працуюць: зусім нядаўна, пару тыдняў таму, адкрылася іхная новая старонка у сеціве (www.zbma.net), ёсьць свой моладзевы форум.
Дзяды і моладзь, якая не адчувае сябе эмігрантамі
Мая другая суразмоўца з ЗША – Лілея з Вашынгтону, таксама грамадзка актыўны чалавек, заўважыла, што звыклае і зручнае вызначэньне “дыяспара” яна і яе сябры, моладзевыя актывісты, да сябе не прыкладаюць. Яны – беларусы ў ЗША, якія ведаюць, што да Бацькаўшчыны можна быць далучаным і жывучы на іншым кантынэнце, а можна быць адасобленым ад Радзімы, хаця й жывеш ў яе межах. Таму, падобна, такія традыцыі, як Дзяды, нічога тут асаблівага не зьмяняюць.
Лілея з Вашынгтону кажа, што яе і яе сяброў цікавяць ня столькі супольныя сьвяты, – хаця й гэта важна і каштоўна, вядома, ніхто не адмаўляе, – колькі актыўнасьць у тым жа Інтэрнэце, якая далучае іх да Беларусі і дазваляе рабіць прынамсі на працэнтаў 80 той жа самай працы, якую рабіла б падобная моладзевая суполка ў Беларусі.
(Лілея: ) “Традыцыі традыцыямі, але трэба прызнаваць і ўплыў нашай сучаснасьці. І як сямейнае сьвята ў Беларусі не ўва ўсіх мясьцінах Дзяды адзначаюць, гэта рэгіянальная больш традыцыя, мне здаецца. Напрыклад, такія сьвяты, як Купальле, тут сьвяткуюцца разам, калі суполка якая-небудзь гэта арганізоўвае. А мы цяпер з маімі сябрамі шмат усяго цікавага робім, хаця ня маем зарэгістраванай арганізацыі (нам на гэтай рэгістрацыі не залежыць), і кола нашае заўважна пашыраецца”.
Лілея – зь Менску, а цяпер жыве, працуе і вучыцца каля Вашынгтону. Яна кажа, што Дзяды, вядома ж, адзначаюць старэйшыя у Нью-Ёрку, у Кліўлэндзе, дзе ёсьць вядомы цэнтар “Полацак”.
(Лілея: ) “Але я нешта ня бачыла сёлета абвесткі і ў газэце “Беларус”, што адмыслова да Дзядоў нешта плянуецца. А так у прыватным жыцьці, у сем''ях, адзначаюцца толькі асноўныя сьвяты. І Дзядоў мы так не адзначаем”.
Яўген з Аўстрыі крыху старэйшы за Лілею і Андрэя з ЗША, ён жыве зь сям''ёй і працуе ў аўстрыйскім горадзе Лінцы, але належыць да таго ж самага найноўшага пакаленьня эміграцыі (і зноў я мушу агаварыцца, што ён эмігрантам сябе ня лічыць, як ён падкрэсьліў у размове). Яўген – праваслаўны, ён расказаў мне, што падзяляе для сябе сэнс сьвятаў – бацькоўскіх праваслаўных суботаў і сэнс Дзядоў як ушанаваньня памяці памерлых, як уласна беларускую зьяву і традыцыю, якая – па-за канфэсіямі.
(Яўген: ) “Дзяды для мяне сталіся Дзядамі у 1989-м годзе, памятаеце: “Нарабілася бяды ў нядзельку на Дзяды”... Я даведаўся пра гэтую традыцыю толькі ў сталым узросьце, вырас я ў Менску, і ў сям''і мы Дзядоў не адзначалі. Але я лічу гэтую традыцыю вельмі сур''ёзнай, агульнанацыянальнай.
Сучасныя людзі застаюцца такімі самымі, якімі яны сфармаваліся вельмі-вельмі даўно. Тысячагодзьдзі таму ўведзена было ў культуру чалавецтва разуменьне ланцуга продкаў і сябе як элемэнта гэтага ланцуга. Я так лічу, што няможна гэта зьмяняць”.
Традыцыя Дзядоў у Літве і Латвіі ніколі не перарывалася
У Латвіі і Літве, напэўна, каб мясцовыя беларусы і не наведвалі беларускіх магіл, яны былі б усё адно дагледжаныя. Але ў гэтых краінах немагчыма сабе уявіць, што беларусы, як бы іх ні зьмяняла сучаснасьць, не адведалі б могілак на Дзяды.
Тацяна Казак жыве ў Латвіі, у Рызе, яна кіруе Таварыствам беларускай культуры “Сьвітанак”. Яна мне апавяла, што арганізаванымі імпрэзамі і талокамі на Дзяды арганізацыя пакуль што не апякуецца – гэта дзень сямейны і вельмі-вельмі важны для яе асабіста.
(Казак: ) “Некалькі разоў былі сьвяткаваньні ў таварыстве, але пакуль што мы не ўсталявалі сталай традыцыі менавіта ў суполцы, каб усё было арганізавана. А прыватна сябры нашыя, вядома, адзначаюць. Мы наведваем могілкі, ёсьць беларускія дзеячы, пахаваныя тут, такія як Сяргей Сахараў, які засноўваў тут беларускія школы ў 1930-я гады.
А што да маёй сям''і, мы праваслаўныя. Дзяды ж адзначаюцца незалежна ад веравызнаньня. Вось была бацькоўская субота якраз, і мы ходзім ў царкву абавязкова, і куцьцю варым, потым з царквы прыносім і памінаем ўсіх нашых дзядоў і сваякоў, якія адышлі ад нас у іншы сьвет. Я веру, што за душы памерлых трэба маліцца...”
Як нідзе, бадай, шмат беларускіх магілаў у Вільні. Хто і калі іх адведвае?
(Вітушкава: ) “Колькі памятаю сябе, 1 лістапада хадзілі на могілкі. Могілкі Росы ў Вільні і за савецкім часам сьвяціліся тысячамі сьвечак-зьнічак. Няма ў нас патрэбы рабіць гэта ў Вільні арганізавана”.
Чаму?
Бо на Віленшчыне традыцыя Дзядоў ніколі не перарывалася, тлумачыць Людвіка Вітушкава з грамадзкай арганізацыі “Віленскі беларускі музэй імя І.Луцкевіча”. Адразу пасьля аднаўленьня незалежнасьці ў Літве Дзяды сталі нацыянальным сьвятам, і калі там зьявіліся першыя беларускія суполкі, на Дзяды беларускія магілы адведвалі арганізавана, але цяпер гэта зьмянілася.
(Вітушкава: ) “Цяпер мы на могілкі ходзім невялічкімі кампаніямі. У гэтым няма нічога заганнага. Наадварот, раней, калі суполкі хадзілі арганізавана, мы кожнага разу, як прыходзілі, знаходзілі тыя самыя кветкі і сьвечкі, якія мы пакідалі. А цяпер прыходзіш і бачыш, што нехта быў да цябе, і гэтых кветак і зьнічак шмат, і ты ведаеш, што і пасьля цябе сюды нехта прыйдзе.
І таму сёлета на самыя Дзяды я спакойна паеду на магілы сваякоў у Астравец, а віленскія могілкі я ўжо адведала і ведаю, што прыйдуць і іншыя, і сьвечкі будуць на ўсіх беларускіх магілах, як заўсёды. Бо магілы гэтыя сталіся для нас тут роднымі”.
Людвіка нагадвае, калі ёсьць патрэба ў арганізаваных дзеяньнях:
(Вітушкава: ) “А талокі напярэдадні Дзядоў патрэбныя, калі трэба працу нейкую рабіць. Вось помнік Вітану-Дубейкаўкаму трэба ратаваць, таму, думаю, увесну беларускія арганізацыі, беларусы Вільні арганізавана зьбяруцца і – ці самі папрацуюць, ці, калі спатрэбіцца, спэцыяліста давядзецца наймаць.
Патрэбны і плян для дагляду магілаў. У вельмі сумным стане помнік Францішку Аляхновічу. І гэта справа ня толькі віленскіх беларусаў, гэта – агульнабеларуская справа. Вось клопат для агульнай арганізаванай працы суполак, а наведаць магілы на Дзяды з кветкамі і сьвечкамі-зьнічкамі – для гэтага арганізоўваць людзей ня трэба, кожны ідзе сам – і гэта не абавязак, гэта не на паказ”.
Дарэчы, дзякуючы маёй суразмоўніцы колькасьць вядомых цяпер беларускіх магілаў у Вільні пабольшала. Некалькі гадоў таму Людвіка Вітушкава, калі ладзіла канфэрэнцыю, прысьвечаную Францішку Аляхновічу, знайшла невядомую раней магілу яго маленькай дачкі Людкі...
(Вітушкава: ) “У Вільні вельмі шмат неадкрытых беларускіх магілаў. Да прыкладу, на праваслаўных Еўфрасіньнеўскіх могілках – невядомая магіла брата Хведара Ільяшэвіча, на могілках Росы ня знойдзена магіла Тэклі Станішэўскай – безьліч, безьліч.
Хацелася б разам з маімі сябрамі-паплечнікамі стварыць такое выданьне – “Беларускі нэкропаль”. Я бачу, што гэта патрэбна і актуальна. Прыяжджаючы зь Беларусі на Росы, усе ідуць на Літарацкую горку. А апрача гэтага ж на Росах яшчэ колькі беларускіх магілаў! Гэта і магіла нумар адзін для беларусаў – Яўстафія Тышкевіча, стваральніка першага беларускага музэю, на Росах пахаваны і Зыгмунт Нагродзкі, мэцэнат “Нашай нівы” і зьбіральнік фальклёру, іншыя беларускія пісьменьнікі і дзеячы”.
Людвіка прыгадала, як навучэнцы Коласаўскага ліцэю ў свой самы першы прыезд у Вільню таксама выправіліся на гэтыя ўнікальныя для беларускай памяці могілкі – Росы, хаця ўсё скрозь было засыпана сьнегам. Студэнты зь Беларусі, якія нядаўна пачалі жыць і вучыцца ў Вільні, цяпер невялікімі кампаніямі наведваюць могілкі беларускіх дзеячоў напярэдадні Дзядоў. Ніхто іх для гэтага адмыслова не арганізуе – самі.
(Вітушкова: ) “Вось я сёньня была на могілках і спаткала зусім незнаёмую мне кампанію зь Беларусі. Яны прыехалі на экскурсію па Вільні і прыйшлі на могілкі Росы. Так што гэтая традыцыя памяці, ушанаваньня памерлых працягваецца, і гэта вельмі добры знак. Людзі зь Беларусі наведваюць ня толькі Вострую браму, Базылянскія муры ці Тры крыжы, але і дарагія для нас магілы.
Сёньня гэтак было кранальна – на помніку Казіміру Сваяку ляжаў чырвоны прыгожы яблык. І уявіце сабе гэта – на фоне сёньняшняга шэрага дня, дажджу на чорнай пліце ляжыць чырвоны яблык! Гэта падалося такім добрым і прыгожым знакам – сымбалем сёлетніх Дзядоў у Вільні. Ня ведаю, хто гэты яблык паклаў, але я так удзячная гэтаму чалавеку”.
Помнік на магіле Льва Вітан-Дубейкаўскага на Росах у Вільні патрабуе аднаўленьня.
Надпіс на помніку: “Nia sumujcie, jak tyja, Što nadziei nia majuć”