Сяргей Астраўцоў, Горадня Міністэрства замежных справаў Польшчы сёньня выказала пратэст у зьвязку з учорашнім затрыманьнем Анжалікі Борыс — старшыні Саюзу палякаў Беларусі, не прызнаваным беларускімі ўладамі. Пра гэта паведаміла Польскае радыё. Затрыманьне адбылося на памежным пераходзе "Прывалка" на беларуска-літоўскай мяжы на поўначы Гарадзенскага раёну.
У заяве гаворыцца, што інцыдэнт мае характар правакацыі і сьведчыць аб тым, што ў Беларусі па-ранейшаму абмяжоўваецца дзейнасьць прадстаўнікоў Саюзу палякаў. Далей падкрэсьлена, што гэтыя дзеяньні парушаюць правы чалавека і нацыянальных меншасьцяў. Міністэрства замежных справаў РП заклікае спыніць рэпрэсыі супраць дзеячаў Саюзу палякаў. Паведамляецца, што гэтая пазыцыя была даведзена беларускаму боку.