Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”

Радыё Свабода Свае асабістыя нататкі пра пражытае і перажытае ў мінулым тыдні падае Барыс Пятровіч – намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, галоўны рэдактар незалежнага літаратурна-мастацкага часопіса “Дзеяслоў”, аўтар чатырох кнігаў прозы
22 кастрычніка, нядзеля

Вечар. Раптам абрынулася страшная стома. І разам – спакой: канец усіх мітрэнгаў і хваляваньняў... Зьезд, пра які так доўга гаварылі пісьменьнікі, адбыўся… Уяўляю, як хацелася некаторым з тых, што пры ўладзе, каб быў ён сарваны. Як бы раструбілі яны на ўсю Беларусь: паглядзіце, яны нават сабрацца разам ня здольныя (хаця “свой” зьезд ужо амаль год яны “плянуюць” і ніяк правесьці ня могуць)… На Радзе перад зьездам гучаў непакой: ці будзе кворум? Старэйшыя пісьменьнікі казалі, што нават у “лепшыя” савецкія часы, калі аплочваліся “сутачныя”, “камандзіровачныя”, гатэль, абед і г.д., і тое не даяжджала 20 адсоткаў і больш, а што ўжо казаць цяпер… Аднак, ня самыя багатыя сёньня людзі, пісьменьнікі, прыехалі за свае грошы, і паказалі, што яны – сіла, і што іх Саюз – жыцьцяздольны… І гэта самае важнае на сёньняшні вечар.

23 кастрычніка, панядзелак

Ранак. Гляджу з вакна кватэры на дзявятым паверсе, як дворнічыха граблямі зьбівае лісточкі зь невысокай, у два росты жанчынкі, бярозкі. Дрэўца трымціць, гнецца, лісточкі адрываюцца, кружаць, падаюць пад ногі… Потым падыйшла яе сяброўка і яны абхапілі ўдзьвюх і пачалі трэсьці беднае дрэўца… Так ім хацелася, каб хутчэй тыя лісточкі асыпаліся…

Падумалася, як сымбалічна… Ці ня так чыноўнікі сёньня трасуць наш Саюз, адрываючы прымусам, бы тыя лісточкі, сяброў яго… Ды што Саюз… Уся Беларусь тут, у гэтым сымбале... Вось так (граблямі, граблямі!) зь яе галінаў зьбіваюць апошнія беларускамоўныя школкі, каб і знаку ад мовы не засталося…

Удзень кароткая размова з галоўным рэдактарам беластоцкай “Нівы” Яўгенам Вапам. Тыдзень таму 50-годзьдзе знакамітага тыднёвіка шырока адзначалася ў Польшчы і прайшло амаль незаўважаным, было праігнаравана ў Беларусі… Якая яшчэ нацыя можа быць такой абыякавай да сваіх суайчыньнікаў?.. Крыўдна… Балюча… Мне. А ўяўляю, як Яўгену і ягоным паплечнікам, што так шмат робяць дзеля шматпакутных роднай зямлі, мовы, культуры.

24 кастрычніка, аўторак

Дзень у Сьветлагорску, на радзіме славутага Шацілы, якому нядаўна адкрылі прыстойны помнік. Парадаваўся: гораду ўсяго 45 гадоў, а ён шукае свае карані ў далёкім мінулым, знаходзіць і зьберагае. У адрозьненьне ад тых, у якіх гісторыя пад нагамі, і за сьпінай – тысячагодзьдзі… Згадалася, што апошні раз прыяжджаў сюды гадоў пятнаццаць таму карэспандэнтам “Звязды”. Тады ў мясцовым ЛПП адбыўся бунт “хворых”, жорстка падаўлены міліцыянтамі. Па скарзе зьняволеных я і прыехаў. Пабачыў, што словы “лячэбны” і “прафілякторый” да гэтай установы ня маюць ніякіх адносінаў. То была звычайная турма з высачэзным двайным плотам, калючым дротам і турэмнымі парадкамі ўнутры. І людзей там не лячылі, а калечылі. Пра што і напісаў. У тагачасным – дэмакратычным яшчэ – Вярхоўным Савеце былі спрэчкі, ці патрэбныя ўвогуле такія ўстановы. Быў час, калі нават пачалі іх ліквідоўваць. Цяпер жа, разам з усім савецкім, вяртаюцца і тыя самыя “прафілякторыі”…

У горадзе – дзьве цудоўныя “дзеяслоўныя” сустрэчы з чытачамі. У Цэнтральнай раённай бібліятэцы з бібліятэкарамі і мясцовай інтэлігенцыяй, у Раённым Доме культуры з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры вясковых школаў і лепшымі вучнямі. Не магу без трымценьня глядзець, як выступае Леанід Дранько-Майсюк, як заварожвае ён сваёй паэзіяй дзяўчатак, як трымае аўдыторыю, як жыва яна рэагуе… А калі бярэ ў рукі гітару Эдуард Акулін і гучаць песьні, заўважаю сьлёзы радасьці на вачах у маладзенькіх настаўніц… Так, мы ёсьць, і жыве (бо хвалюе нас!) нашая мова. Нягледзячы ні на што – жыве!

25 кастрычніка, серада

Дзень прайшоў упустую, безвынікова. Дзьве справы, з-за якіх застаўся ў Менску, ня зрушыліся. У нямецкай амбасадзе адмовілі ў візе ў Аўстрыю, дзе неўзабаве выходзіць часопіс “Ліхтунген” (“Lichtungеn”) зь перакладамі на нямецкую мову твораў беларускіх пісьменьнікаў – Алеся Разанава, Леаніда Галубовіча, Ігара Бабкова, Андрэя Федарэнкі, маімі… І ў канцы лістапада мяркуецца прэзэнтацыя таго часопіса. Адмовілі, як і прынята, без тлумачэньняў...

А ў Мінюсьце цягнуць з перарэгістрацыяй фонду, які выдае “Дзеяслоў”, і ў каторы раз атрыманьне дакумэнтаў адкладваецца… Шкадую, што не паехаў з хлопцамі ў Віцебск, дзе сёньня тры “дзеяслоўныя” сустрэчы.

Трохі глядзеў тэлевізар. Расейцы аж захліпаюцца ад камэнтароў пра мудрасьць іхняга прэзыдэнта на “прамой лініі” з народам. Атрымалі сваё і беларусы: дружба дружбай, аднак свайго брат ня ўпусьціць, а чужое адхапіць заўжды гатовы…

26 кастрычніка, чацьвер

У горадзе – так са свайго малінаўскага далёка мы называем цэнтар Менску – сустрэўся з сябрам нашага Саюзу, які працуе ў адным з выданьняў холдынгу. Ён амаль у роспачы – пасьля зьезду зноў пачаўся ўціск на іх, выклікаюць па адным, кажуць у лоб: альбо выходзьце з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, альбо шукайце іншую працу. Прагрэс: цяпер ужо не настойваюць на ўступленьні ў той, праўладны, чаргінцоўска-аўруцінскі саюз, а толькі – на выхадзе з Саюзу Купалы і Коласа, Быкава і Брыля… Асабліва ціснуць на тых трох, каго на зьезьдзе абралі ў Раду СБП... А ўсяго іх у холдынгу, тых, хто застаўся ў СБП – дванаццаць… Здавалася б, сіла. Бо ўсе прафэсіяналы і якраз на іх і трымаюцца холдынгавыя выданьні. Аднак… Зноў згадалася тая бедная бярозка і граблі, занесеныя над ёй…

Між тым, тыдзень выдаўся плённым для “Дзеяслова”. Сёньня рэдакцыя ў Наваградку. Ня дзіва – ідзе падпіска… Эдуард тэлефануе: “Мы ў фары Вітаўта, ставім сьвечку за Анатоля Сыса”. Так, сёньня дзень народзінаў Анатоля, а ў суботу, 28 кастрычніка, мы едзем на яго радзіму. Да Толіка... Не магу прывыкнуць, што яго няма… Здаецца, ён проста зьехаў у свой Гарошкаў і там чакае нас... Згадваю, як заяжджалі мы да яго з Алесем Пашкевічам, Эдуардам Акуліным і Андрэем Федарэнкам такой жа восеньню два гады таму пасьля сустрэчы з чытачамі ў ягоным Гомельскім “унівэрмагу”, як хадзілі па Гарошкаву, як знаёміў ён са сваімі вясковымі сябрамі, што глядзелі на яго, бы на Бога, як сядзелі мы з пляшкай мясцовай самагонкі на знакамітым гарадзішчы, а потым зьбіралі на ім чарапкі-аскепкі “мілаградзкай культуры”… Анатоль не хацеў разьвітвацца і доўга не адпускаў нас, нібы прадчуваў блізкае растаньне.

27 кастрычніка, пятніца

Нарэшце выйшаў чарговы нумар “Дзеяслова”. Друкарня гэтым разам прымусіла пахвалявацца. Чакалі новы нумар да зьезду. Было б сымбалічна: першы выйшаў чатыры гады таму якраз у дзень справаздачна-выбарнага зьезду, на якім “дзеяслоўцаў” у поўным складзе абралі ў кіраўніцтва. Хто б мог падумаць чатыры гады таму, што гэтая задума будзе такой жывучай, што выйдзе 24 нумары – па шэсьць на год, кожны зь якіх – міні-анталёгія, кожны – люстэрка сучаснай беларускай літаратуры, кожны – яшчэ адно сьцьверджаньне, што яна – беларуская літаратура – жыве!.. Хацелі мы, каб у той дзень, у дзень зьезду, адчулася, што і Васіль Уладзіміравіч Быкаў разам з намі: у нумары друкуецца ягоная невядомая аповесьць “Бліндаж”. Зрэшты, і без таго Васіль Уладзіміравіч побач і мы адчуваем ягоную падтрымку, ягонае плячо… Як і ўсіх тых, хто быў да нас і любіў Беларусь, жыў дзеля яе.... І гэта не банальныя высокія словы… На тым мы і трымаемся… Тым і жывем…