Сытуацыя палітычных вязьняў: тыднёвы агляд

Алег Грузьдзіловіч, Менск Як пачуваецца Аляксандр Казулін, які працягвае палітычную галадоўку? Дзякуючы якой амністыі ў лістападзе выйдзе на волю Сяргей Скрабец? Чаму Мікалаю Статкевічу не дазволілі наведаць бацьку? Месяц няма лістоў ад вязьня глыбоцкай турмы праваабаронцы Івана Крука. Пра навіны з жыцьця палітвязьняў паведамляе наш карэспандэнт.
Ужо месяц няма лістоў ад актывіста Івана Крука, які адбывае арышт ў глыбоцкай турме. Жонка актывіста кажа, што муж не адгукнуўся нават на тэлеграму пра сьмерць ягонай маці. Івана Крука маглі б адпусьціць на пахаваньне альбо хаця б даць яму магчымасьць патэлефанаваць сваякам, але ніякіх зьвестак з Глыбокага не прыйшло. Нагадаю, тэрмін зьняволеньня Івана Крука заканчваецца ў студзені.

9-ы дзень у віцебскай калёніі галадуюць Аляксандр Казулін і Сяргей Скрабец. Нагадаю, экс-кандыдат на прэзыдэнта пратэстуе супроць незаконнага, як ён лічыць, знаходжаньня пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі, а таксама дамагаецца ўвагі да беларускага пытаньня з боку Арганізацыі аб’яднаных нацый. Экс-дэпутат Сяргей Скрабец таксама пачаў галадаваць 20 кастрычніка на знак салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным. Што вядома пра здароўе апазыцыянэраў?

Жонка Аляксандра Казуліна спасылаецца на словы намесьніка начальніка калёніі Руслана Прымака, які сказаў, што яе муж “адчувае сябе нармальна”. Ірына Казуліна спадзяецца атрымаць навіны пра здароўе мужа ў панядзелак, калі яго наведае адвакат, але ў яе няма ўпэўненасьці, што сустрэча адбудзецца.

(Казуліна: ) “Я сказала, што ў панядзелак мы прывязем яму перадачу і таксама адвакат прыедзе, і я хачу быць упэўненая, што адвакат да яго патрапіць. Ён адказаў, што гэта залежыць ад таго, ці будзе месца ў пакоі для сустрэч. Тады я запыталася, у колькі нам трэба прыехаць, каб было месца? Але ён не адказаў, а параіў мне званіць начальніку калёніі”.

Ірыне Казулінай гэтак і не ўдалося патэлефанаваць начальніку калёніі. Той не падымаў слухаўку. Нагадаю, два тыдні таму да спадара Казуліна ўжо не дапусьцілі адваката. Сказалі, што няма месца ў пакоі для сустрэч.

27 кастрычніка стала вядома, што суд ужыў амністыю да Сяргея Скрабца, з яго пакараньня зьнялі год, і ў выніку ўжо ў лістападзе былы дэпутат можа выйсьці на волю. А ці азначае гэта, што і астатнія палітычныя вязьні таксама могуць разьлічваць на ранейшае вызваленьне паводле амністыі? Начальнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзімір Коўчур абверг такія меркаваньні. “Не, новай амністыі няма. Адносна Сяргея Скрабца амністыю ўжылі па хадайніцтву пракуратуры”.

Між тым, некаторыя палітвязьні не губляюць надзеі на датэрміновае вызваленьне. На гэтым тыдні адмысловая камісія разглядзела справу актывіста “Партнэрства” Цімафея Дранчука адносна ягонага ўмоўна датэрміновага вызваленьня. Нагадаю, юнак атрымаў год калёніі за дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі і ўжо адбыў за кратамі 9 месяцаў. Бацька актывіста Валер Дранчук паведаміў:

(Дранчук: ) “Які вынік гэтай камісіі, мы пакуль ня ведаем. Злучыцца з кімсьці з камісіі не ўдалося, а ў калёніі не кажуць нічога. Будзем чакаць ліста ад Цімафея, ён мусіць даслаць ліст ў аўторак. Тады ўсё будзем ведаць”.

Нагадаем, другі актывіст “Партнэрства”, Мікалай Астрэйка, адбывае двухгадовае пазбаўленьне волі ў шклоўскай калёніі.

Лідэр сацыял-дэмакратычнай “Грамады” Мікалай Статкевіч, які адбывае “хімію” у Пухавіцкім раёне, плянаваў у гэтую нядзелю праведаць бацьку ў Баранавічах, але не атрымаў дазволу. Палітык мяркуе, што ўлады баяцца страціць кантроль над ім на час шэсьця і мітынгу апазыцыі ў Курапатах.

(Статкевіч: ) “Я патрапіў пад каток страху гэтай улады, якая вельмі мяне баіцца. Чаму, не магу зразумець. Я не зьбіраўся ў гэтыя дні ладзіць нейкую рэвалюцыю, усё ж гэта мэмарыяльнае мерапрыемства. Мяне ўжо папярэдзілі, што заўтра і пасьлязаўтра будуць шчыльна кантраляваць”.

30 кастрычніка ў Кастрычніцкім судзе Менска пачынаецца працэс над Зьмітром Дашкевічам, лідэрам “Маладога фронту”. Аднадумцы актывіста заклікалі людзей прыйсьці да суду, каб аказаць Дашкевічу маральную падтрымку.