Другі тыдзень у віцебскай калёніі галадаюць А.Казулін і С.Скрабец

Алег Грузьдзіловіч, Менск У віцебскай калёніі “Віцьба-3” працягваецца палітычная галадоўка апазыцыянэраў Аляксандра Казуліна і Сяргея Скрабца. Сяргей Скрабец не спыніў галадоўкі нават пасьля паведамленьня пра тое, што суд амніставаў яго на адзін год, і ён мае выйсьці на волю ўжо ў лістападзе.
Тое, што галадоўка Аляксандра Казуліна й Сяргея Скрабца працягваецца, “Свабодзе” пацьвердзіў дзяжурны віцебскай калёніі, але пра здароўе галадоўнікаў міліцыянт гаварыць адмовіўся. Жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Ірына Казуліна зьвесткі пра мужава здароўе атрымала ад намесьніка начальніка калёніі Руслана Прымака.

(Казуліна: ) “Я спытала яго пра здароўе. Ён адказаў, што сёньня бачыў Аляксандра на вуліцы, у нармальным настроі, у нармальным выглядзе. Больш нічога не сказаў”.

Ірыне Казулінай невядома, ці аглядалі яе мужа дактары падчас галадоўкі. Паводле яе, супрацоўнікі калёніі дакладна на гэтае пытаньне не адказваюць, а лістоў ад мужа за час галадоўкі яна не атрымлівала. Жанчына не выключае, што лісты затрымліваюць.

А вось брат Сяргея Скарбца Аляксандар 27 кастрычніка атрымаў ліст, у якім былы дэпутат піша, што працягвае галадоўку і адчувае сябе няблага. Аднак Аляксандар Скрабец ня верыць у шчырасьць старэйшага брата.

(Скрабец: ) “Адчувае ён сябе блага. У яго падагра абвастрылася. Адна нага ў яго ўвогуле амаль ня рухаецца. Калі я быў у яго на доўгатэрміновым спатканьні, то меў магчымасьць у гэтым пераканацца”.

27 кастрычніка стала вядома, што былы дэпутат Сяргей Скрабец выйдзе на волю ўжо ў лістападзе. Гэтыя зьвесткі “Свабодзе” пацьвердзіў намесьнік начальніка калёніі “Віцьба-3” Руслан Прымак. Міліцыянт сказаў, што днямі суд ужыў амністыю да Сяргея Скрабца й зьняў год зь ягонага пакараньня. Паводле Руслана Прымака, на волю былы дэпутат можа выйсьці ўжо 11 лістапада.

Сяргей Скрабец быў арыштаваны 15 траўня 2005 году і асуджаны на два з паловай гады зьняволеньня за выманьваньне крэдыту. Сваёй віны дэпутат не прызнаў. Паўтарагадовы тэрмін зьняволеньня для Сяргея Скрабца заканчваецца 15 лістапада. З 20 кастрычніка Сяргей Скрабец галадае на знак салідарнасьці з палітычнымі патрабаваньнямі Аляксандра Казуліна.

Нагадаем, Аляксандар Казулін, які быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня, пратэстуе супраць незаконнага, як ён лічыць, знаходжаньня пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі. Былы кандыдат на прэзыдэнта спрабуе таксама прыцягнуць увагу Рады Бясьпекі ААН да “беззаконьняў, якія творацца ў Беларусі”.