Ці можна давяраць выбарчым камісіям, у якіх няма апазыцыі?

Альгерд Невяроўскі, Менск На пытаньне тыдня Беларускай Свабоды адказваюць жыхары Менску.
(Спадар: ) “Складанае пытаньне. Гледзячы якія апазыцыянэры ў гэтай камісіі. Думаю, павінны быць і з апазыцыі, і з усіх арганізацыяў”.

(Спадарыня: ) “Калі яны ўжо абраныя, то, думаю, можна давяраць”.

(Кіроўца: ) “Я б не давяраў. Калі чалавек адказны, то павінен працаваць адказна. Калі паставяць якога хулігана, то я б не давяраў. А так я давяраю толькі такому начальству, якое бачу, што сумленна працуе”.

(Спадар: ) “Пэўна не. У нас на выбарчых участках у асноўным прадстаўнікі дзяржаўных установаў. Апазыцыі там няма. А калі няма апазыцыі — прыстойнасьці там ужо ня будзе”.

(Спадар: ) “Не. Жыцьцёвы досьвед падказвае, што давяраць нельга практычна нікому. Прынамсі, уладзе. А калі апазыцыя прыдзе да ўлады, то і ёй давяраць ня варта. Хто пры ўладзе, той павінен быць пад кантролем”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна давяраць выбарчым камісіям, у складзе якіх няма апазыцыі?”

(Спадар: ) “Ня ведаю. Можа, можна. А можа, і не. Я ня ведаю. Я далёкі ад выбараў”.

(Спадар: ) “Нельга. Тыя людзі, што знаходзяцца ў камісіях, ня вельмі адпавядаюць нормам”.

(Спадар: ) “Думаю, можна. Людзі ва ўрадзе даказалі, што ім можна давяраць. Выконваюць усе свае абавязкі. Думаю, што можна давяраць”.

(Спадар: ) “Я думаю, што нельга, бо гэта людзі Лукашэнкі”.

(Дзяўчына: ) “Думаю, можна давяраць. Прадстаўнікі апазыцыі больш падкупныя”.

(Спадар: ) “Думаю, што не. Павінны быць прадстаўленыя інтарэсы ўсіх партыяў. Альбо камісіі павінны быць пазапартыйныя”.

(Дзяўчына: ) “Думаю, давярай — але правярай. Трэба, каб паўсюль былі прадстаўнікі розных палітычных кірункаў”.

(Пэнсіянэрка: ) “Нельга. Павінны быць усе прадстаўленыя”.