Прадстаўніца АБСЭ сустракаецца з галадоўнікамі на “Белшыне”

Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў першай палове дня адкрытае акцыянэрнае таварыства “Белшына” наведвае супрацоўніца ў пытаньнях правоў чалавека менскага офісу АБСЭ Фіёна Фрэйзэр.
Як паведаміў Радыё Свабода старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП) “Белшыны” Рыгор Спасюк, прадстаўніца АБСЭ спачатку сустрэлася з удзельнікамі галадоўкі. Пасьля ў яе адбылася працяглая гутарка з намесьнікам генэральнага дырэктара па ідэалягічнай працы, кіраваньню пэрсаналам і сацыяльнымі пытаньнямі Рыгорам Казловым.

Сёньня – 22 суткі галадоўкі працаўніцы “Белшыны” Алены Захожай. Ад мінулага чацьвярга да акцыі далучыліся яшчэ пяцёра актывістаў БНП. Яны патрабуюць ад кіраўніцтва “Белшыны” выплаціць сябрам БНП даплаты на аздараўленьне і прэміі да Дня хіміка, якія атрымалі ўсе астатнія працаўнікі прадпрыемства. Удзельнікі галадоўкі таксама дамагаюцца афіцыйнай рэгістрацыі першаснай арганізацыі БНП на “Белшыне”.

Падрабязнасьці слухайце на Радыё Свабода і чытайце на нашым сайце ў інтэрнэце.