Летні альбом: бугі-вугі

Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.
У пяцідзясятых гадах савецкія журналісты-міжнароднікі ад душы папрацавалі на ніве выкрыцьця і ідэйнага абяшкоджаньня бугі-вугі – тэмпавога амэрыканскага танца. Яго зьяўленьне журналісты і паэты той пары наўпрост зьвязвалі з агрэсіўнай палітыкай Захаду.

И когда буги-вуги идёт на эстраде – Танки движутся по автостраде. И когда для хозяев старается джаз – Загудел истребитель, кружась. А когда плясуны попадают в такт – Это их Атлантический пакт!

З жарсьцю пісаў клясык савецкай паэзіі Павел Антакольскі.

Мне пашчасьціла пабачыць бугі-вугі ў віцебскім цырку-шапіто. Было гэта ў 1960 годзе. Там два цыркавых клоўны – адзін зь іх быў у жаночай спадніцы – вычвараліся як маглі пад грукатлівы амэрыканскі музон, і гледачы ад сьмеху спаўзалі з крэслаў.

Тым жа годам стылягі пачалі скакаць яшчэ адзін заходні, а таму ідэалягічна шкодны танец – твіст. Танец гэты вымагаў мінімуму прасторы і галоўным элемэнтам ягоным было матляньне з боку ў бок сьцятымі і прагнутымі каленямі. Апроч таго, дзяўчыны актыўна жэстыкулявалі ўказальнымі пальцамі, а таксама рабілі рухі, што мадэлявалі скідваньне начной сарочкі.

Наагул, танцавальная культура майго пакаленьня была на нулі. Мяне асабіста ніхто танцам не вучыў, калі не лічыць, што ў піянэрскім лягеры давялося танцаваць “Вальс дружбы”. Зрэшты, гэта быў ня вальс, і нават ня танец, а нейкая рухавая гульня – зь біцьцём у далоні, матляньнем рук і паваротам на 180 градусаў.

Гэта здаецца неверагодным, аднак партыйныя ідэолягі, якія напачатку паспрабавалі прыгваздаць твіст да ганебнага слупа, нечакана аціхлі. Больш за тое, твіст пачалі скакаць героі савецкіх кінафільмаў. Апагеем разгулу заходняй танцкультуры сталася “Каўкаская палоньніца”, дзе гэта танец дэманстравалі Яўген Маргуноў, Фрунзык Мкртчан і, нарэшце, Натальля Варлей. Праўда, дэманстраваць яго дазвалялася не пад зонгі “караля твісту” Чабі Чэкера, а пад музыку Арно Бабаджаняна ды іншых савецкіх кампазытараў.

Ну, а мая маладосьць прайшла пад мерны тупат шэйку. У гэтым танцы, прынамсі, у нашай інтэрпрэтацыі, ніякіх усьвядомленых рухаў і структурных канонаў не існавала. Кожны вытоптваў квадратны мэтар танцпляцоўкі, падпарадкоўваючыся дынамічнаму рытму. Хтосьці, не раўнуючы, як смаргонскі мядзьведзь, пераступаў з нагі на нагу, іншы актыўна біў сябе па баках сагнутымі локцямі, хтосьці круціў у паветры рукой, імітуючы кручэньне мясарэзкі. Былі і такія, што імпэтна тузалі ў такт музыкі кудлатымі галовамі. Такіх выводзілі з пляцоўкі. На пачатку сямідзясятых трэсьці на танцах кудламі было тое ж самае, што прыканцы пяцідзясятых скакаць бугі-вугі.