Да галадоўкі Аляксандра Казуліна далучыўся Сяргей Скрабец (абноўлены)

Алег Грузьдзіловіч, Менск Да галадоўкі былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна ў калёніі “Віцьба-3” далучыўся былы дэпутат Сяргей Скрабец. У адміністрацыі калёніі пацьвярджаюць, што асуджаныя палітыкі распачалі акцыю, але пазьбягаюць слова “галадоўка”.
Чацьверты дзень галадае ў віцебскай калёніі былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Жонка палітыка Ірына Казуліна падзялілася са “Свабодай” зьвесткамі пра галадоўку.

(Казуліна: ) “Сказалі, што галадае, што ў добрым настроі. Бачылі яго, як гуляў на сьвежым паветры. Працуе і разам з усімі ходзіць у сталоўку”.

Між тым, прадстаўнікі адміністрацыі калёніі пазьбягаюць слова “галадоўка” датычна акцыі Аляксандра Казуліна. Прыкладам, начальнік калёніі Віталь Агнісьцікаў у размове з карэспандэнтам “Свабоды” яго гэтак і ня вымавіў.

(Агнісьцікаў: ) “Абстаноўка нармальная, пачуваецца ён добра”.

(Карэспандэнт: ) “Дык ён галадае?”

(Агнісьцікаў: ) “Ну як? Ён наведвае тры разы на дзень сталовую. А далей я за ім не падглядваю, у мяне 700 чалавек”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж вам пэўна дакладаюць? Ежу ён ужывае ці не?”

(Агнісьцікаў: ) “Гэта ягоная асабістая справа, і таму я на гэта ўвагі не зьвяртаю”.

Паводле спадара Агнісьцікава, да акцыі Аляксандра Казуліна далучыўся і былы дэпутат Сяргей Скрабец, які таксама адбывае пакараньне ў калёніі “Віцьба-3”. Як паведаміла “Свабодзе” жонка палітыка Аляксандра Скрабец, пра намер мужа далучыцца да галадоўкі Казуліна яна даведалася з апошняга ліста, які той даслаў 17 кастрычніка.

(Скрабец: ) “Ён пісаў, што з 20-га абвесьціць галадоўку. Што ў яго яшчэ ёсьць гонар і годнасьць, і пакуль ён можа — будзе пратэставаць”.

Паводле Аляксандры Скрабец, яе муж згодны з патрабаваньнямі Аляксандра Казуліна, а таксама пратэстуе супраць таго, што да яго не ўжылі ўмоўна-датэрміновага вызваленьня.

Паводле зьвестак з калёніі “Віцьба-3”, Аляксандра Казуліна й Сяргея Скрабца падчас галадоўкі не ізалявалі ў асобнае памяшканьне. “Абодва асуджаныя працягваюць працаваць, адзін кладаўшчыком, другі нарадчыкам”, — паведаміў начальнік калёніі Віталь Агнісьцікаў. Міліцыянт запэўніў, што асуджаныя атрымліваюць неабходную мэдычную дапамогу.



Нагадаем, былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, якога пасьля выбараў асудзілі на пяць з паловай гадоў, пачаў галадоўку 20 кастрычніка. Палітык пратэстуе супраць незаконнага, як ён лічыць, знаходжаньня пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі, і дамагаецца разгляду беларускага пытаньня ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Сяргей Скрабец быў асуджаны летась да двух з паловай гадоў зьняволеньня за выманьваньне крэдыту. Ён сваёй віны не прызнаў і заявіў, што яго перасьледуюць з палітычных прычынаў.