Палітыкі з розных краінаў – пра рашэньне А.Казуліна пачаць галадоўку

Радыё Свабода Палітыкі з розных краінаў адгукаюцца на рашэньне А.Казуліна пачаць галадоўку.
Гаворыць старшыня камісіі ў міжнародных справах парлямэнту Швэцыі – Рыксдагу Урбан Алін:

(Алін: ) “Я даведаўся некалькі дзён таму аб тым, што Аляксандар Казулін пачаў галадоўку, з прэс-рэлізу ягонай жонкі. Я думаю, што яны апынуліся ў сытуацыі, калі палічылі вельмі важным, каб прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да таго, што адбываецца ў Беларусі, і спадар Казулін вырашыў, што галадоўка – гэта адзіны шлях. Я вельмі спадзяюся, што галадоўка ня скончыцца нейкай сур’ёзнай хваробай, што ў турме да Аляксандра Казуліна ставяцца добра. Думаю, што мэта будзе дасягнутая – міжнародная супольнасьць зьверне ўвагу на тое, што адзін з кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, па-першае, знаходзіцца ў турме, а па-другое – галадае”.

Дэпутат дзярждумы Расеі, старшыня міжнароднага камітэту “Расея ў аб’яднанай Эўропе” Уладзімір Рыжкоў заявіў радыё Свабода, што асабіста ведае Аляксандра Казуліна і лічыць, што Расея павінна патрабаваць ягонага вызваленьня.

(Рыжкоў: ) “Я ўвогуле абураны выракам у справе Аляксандра Казуліна. Я ведаю яго асабіста, бачыўся зь ім у Менску, у тым ліку і ў дзень выбараў. Мне падалося тады, што ён добра ставіцца да Расеі, сапраўды хоча, каб паміж нашымі краінамі была добрыя дачыненьні. Я не сумняюся ў тым, што ён – палітзьняволены і знаходзіцца ў турме паводле абсалютна абсурдных абвінавачаньняў. Расея, Эўразьвяз, іншыя краіны павінны рашуча патрабаваць неадкладнага вызваленьня ўсіх палітзьняволеных у Беларусі, у тым ліку і Аляксандра Казуліна. Я думаю што цяпер у Расеі ў тым ліку і ў Крамлі адбываецца пераасэнсоўваньне дачыненьняў зь Беларусьсю і ў бліжэйшы час можна чакаць зьменаў у пазыцыі Масквы ў дачыненьні да Лукашэнкі”.