Джорджа Ля Мальфа: Беларусь павінна дазволіць Віцы вярнуцца ў Італію

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Міністар у справах Эўрапейскага зьвязу Ітаіі Джорджа Ля Мальфа ў інтэрвію нашаму радыё заявіў, што канфлікт вакол вяртаньня Вікі Мароз у Беларусь не паўплывае дрэнна на беларуска-італьянскія дачыненьні. На думку міністра, аднак, Беларусь павінна дазволіць Віцы Мароз вярнуцца ў Італію.
На пытаньне, якое ягонае меркаваньне пра сытуацыю вакол вяртаньня ў Беларусь Вікі Мароз, Джорджа Ля Мальфа адказаў:

(Ля Мальфа: ) "Ведаеце, з пункту гледжаньня закону, нашых добрых дачыненьняў зь Беларусьсю, гэта было правільнае рашэньне. Але калі паглядзець на гэта, беручы пад увагу лёс беларускай дзяўчынкі, я быў вельмі крануты ўсёй гэтай сытуацыяй, бо было відаць, што дзяўчынка вельмі шчасьлівая ў сваёй новай сям''і, і рашэньне аб вяртаньні было цяжкім. Таму мы павінны выпрацаваць такі мэханізм, які б дазволіў дзяўчынцы застацца ў Італіі, калі яна гэтага хоча".

Міністар Джорджа Ля Мальфа лічыць, што складаная сытуацыя, якая склалася вакол вяртаньня Вікі Мароз, не паўплывае на жаданьне італьянцаў дапамагаць у аздараўленьні чарнобыльскіх дзяцей.

(Ля Мальфа: ) "Гэта было правільнае рашэньне што да ўратаваньня праграмаў, па якіх Італію наведваюць сотні беларускіх дзяцей. Мая краіна выказала павагу да беларускай дзяржавы, дапамагаючы ў вяртаньні Вікі Мароз на радзіму. Цяпер чарга Беларусі, якая павінна была б дазволіць ёй вярнуцца ў Італію і быць шчасьлівай з новымі бацькамі".

На пытаньне, ці лягчэй было б супрацоўнічаць Італіі зь Беларусьсю, калі б у Беларусі панавала дэмакратыя, італьянскі міністар адказаў.

(Ля Мальфа: ) "Безумоўна, калі краіны падзяляюць і шануюць аднолькавыя каштоўнасьці, супрацоўнічаць значна лягчэй".

А чаму ўвогуле менавіта Італія так актыўна дапамагае ў аздараўленьні беларускіх дзяцей?

(Ля Мальфа: ) "Справа ў тым, што ў італьянцы маюць моцнае пачуцьцё неабходнасьці дапамагаць іншым. Калі краіна так церпіць, як Беларусь пасьля Чарнобыльскай катастрофы, для нас важна працягнуць руку дапамогі, калі гэта магчыма. Мы лічым гэта вельмі важным".