Vox Populi: “Калі ў падліковых камісіях прадстаўнікі толькі аднаго боку, чаму мы павінны ім давяраць?

Галіна Абакунчык, Менск Ці можна давяраць выбарчым камісіям, у якіх няма прадстаўнікоў апазыцыі?
(Спадар: ) “Цяжка сказаць, але чамусьці апазыцыю я не падтрымліваю. Які зь іх плён? Па-мойму, узяць — гэта значыць браць. А не, дык і не пачынаць”.

(Юначка: ) “Я цалкам апалітычная, а таму на выбары не хаджу”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можна давяраць выбарчым камісіям, у якіх няма прадстаўнікоў апазыцыі?”

(Спадар: ) “Выканаўчая улада — і гэтым усё сказана. Яна выконвае законы, а таму можна давяраць”.

(Спадарыня: ) “Ды не, напэўна. Таму што атрымаецца аднабокая ацэнка. Я ня ведаю, як яшчэ патлумачыць, але ў такой справе мусяць удзельнічаць усе зацікаўленыя бакі”.

(Спадар: ) “У нашым стане, я лічу, неабходна зьмяняць выбарчае заканадаўства. Бо калі мы хочам паказаць усяму сьвету, што мы людзі дэмакратыі, то гэта трэба рэалізоўваць. Чаму ў Расеі ёсьць грамадзкая рада пры прэзыдэнту? Мы што, ня можам такога аб’яднаньня зрабіць? А калі такое зробім, то зможам зрабіць, каб і выбарчыя камісіі адлюстроўвалі агульную думку”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што калі ўлады даверылі людзям гэты кірунак, то чаму б і нам не даверыць? Адзінае, што трэба і самому сачыць за гэтымі пытаньнямі. Бо бывае, што ў сьпісах ня тыя людзі, ці яшчэ што. Таму трэба гэта адсочваць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можна давяраць выбарчым камісіям, у якіх няма прадстаўнікоў апазыцыі?”

(Спадар: ) “Я думаю, што не, канечне. Калі там прадстаўнікі толькі аднаго зацікаўленага боку, то чаму мы павінны ім давяраць? Мы ж памятаем савецкі час цудоўна. І не наіўныя людзі, праўда?”

(Спадарыня: ) “Я не давяраю. Можа быць, дваццаць-трыццаць гадоў таму такія паняткі, як гонар, годнасьць, сумленьне, былі запатрабаваныя. У цяперашніх людзей маральныя каштоўнасьці зьмяніліся. Як я бачу, дык цяпер пры ўладзе стаяць людзі, якія ня думаюць пра народ”.

(Юнак: ) “Калі адсутнічаюць — тады не. Калі адсутнічаюць прадстаўнікі апазыцыі, тады ёсьць верагоднасьць таго, што пры падліку галасоў альбо на іншых этапах могуць быць парушэньні на карысьць дзейнай улады. Я б не давяраў, калі няма прадстаўнікоў апазыцыі”.