Берасьцейскі гарвыканкам змагаецца з заробкамі ў капэртах

Радыё Свабода Берасьцейскія ўлады заявілі пра намер скласьці чорны сьпіс прыватных прадпрыемстваў, дзе заробкі супрацоўнікаў надта нізкія.
Паводле словаў першага намесьніка Берасьцейскага гарвыканкаму Валерыя Лапцейкіна, прадпрыемствы, уключаныя ў гэты сьпіс, будуць галоўнымі кандыдатамі на комплексную праверку кантрольнымі структурамі.

Такія захады ў гарвыканкаме тлумачаць тым, што, паводле афіцыйных зьвестак, у Берасьці самыя нізкія заробкі сярод абласных цэнтраў Беларусі. Так, у жніўні сярэдні заробак берасьцейца складаў крыху больш за 650 тысяч рублёў. Аднак, напрыклад, у прыватных швейных фірмах, дзе занятая чвэрць усіх работнікаў малога бізнэсу ў горадзе, сярэдні заробак скаладаў 222 тысячы рублёў.

Чыноўнікі Берасьцейскага гарвыканкаму упэўненыя, што на справе ў гэтых фірмах большая частка заробкаў выплачваецца ў капэртах і ня ўлічваецца ў статыстычных справаздачах.