Мілінкевіч заклікаў парлямэнты краін сьвету падтрымаць беларускіх палітвязьняў

Радыё Свабода Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч cёньня накіраваў зварот да кіраўнікоў парлямэнтаў краін Эўразьвязу, ЗША, Расеі і Украіны з заклікам падтрымаць тых, хто церпіць за сваю палітычную пазыцыю ў Беларусі, -- паведамляе прэсавая служба А. Мілінкевіча.
Зварот прымеркаваны да пачатку суду над лідэрам “Маладога Фронту” Зьміцерам Дашкевічам, які заплянаваны на 30 кастрычніка.

“Сёньня Зьміцер знаходзіцца ў турме ў жудасных умовах. 5 кастрычніка быў арыштаваны іншы моладзевы актывіст 23-х гадовы Павал Красоўскі, якога абвінавачваюць ў тэрарызме і забойствах, – надзвычай цяжкіх злачынствах, за якія прадугледжваецца пакараньне сьмерцю... Не знайшоўшы ніводнай зачэпкі, ніводнага доказу, што Красоўскі мае дачыненьне да апісаных злачынстваў, улады былі вымушаныя яго адпусьціць. Але крымінальны перасьлед не спынены”, -- гаворыцца ў звароце А. Мілінкевіча.

Ён паведамляе, што па ўсёй Беларусі за апошні год прайшла хваля рэпрэсіяў супраць прыхільнікаў дэмакратыі, сябраў і лідэраў дэмакратычных арганізацыяў, асабліва моладзі.

“Зараз больш за 10 чалавек за палітычную дзейнасьць пазбаўленыя волі і знаходзяцца за кратамі. Сярод іх экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін, палітыкі Мікола Статкевіч, Андрэй Клімаў, моладзевыя лідэры Павал Севярынец, Артур Фінкевіч. Я заклікаю Вас падтрымаць тых, хто церпіць за сваю палітычную пазыцыю ў Беларусі, і запатрабаваць ад палітычных лідэраў Беларусі спыненьня палітычных рэпрэсіяў і вызваленьня ўсіх палітвязьняў”,-- зьвярнуўся Аляксандр Мілінкевіч да парлямэнтарыяў з Аўстрыі, Бэльгіі, Кіпру, Чэхіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Францыі, Германіі, Грэцыі, Вугоршчыны, , Ірляндыі, Італіі, Латвіі, Літвы, Люксембургу, Вялікай Брытаніі, ЗША, Расеі, Украіны і іншых дзяржаў.