<b/>Пракурор папрасіла тры гады пазбаўленьня волі для К.Садоўскай (фота)

Любоў Лунёва, Менск Кацярыну Садоўскую абвінавачваюць у зьнявазе судзьдзяў і пагрозах, а таксама ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Ад 25 ліпеня праваабаронцу трымаюць пад вартай — спачатку ў псыхіятрычным шпіталі, а потым у турме на вуліцы Валадарскага.
У суд Ленінскага раёну Менску прыйшлі больш як тры дзясяткі чалавек, якім у свой час дапамагала праваабаронца Кацярына Садоўская. Падставай для крымінальных справаў сталі лісты, якія атрымала судзьдзя Кіраўскага суду (на Магілёўшчыне) Надзея Чмара і яе калега спадарыня Ўліціна.

Судзьдзі зьвязалі абразьлівыя выразы на свой адрас зь імем Кацярыны Садоўскай. Праваабаронца не прызнала сваёй віны. Яна паведаміла, што ніколі не пісала такіх лістоў. Адвакат спадарыні Садоўскай зьвярнуў увагу на тое, што сьледзтва не здабыло доказаў таго, што лісты былі набраныя на кампутары, якім карыстаецца спадарыня Садоўская. Ён прасіў прызначыць экспэртызу, каб высьветліць аўтарства лістоў. Але яму адмовілі ў гэтым.

Пракуратура настойвае, каб Кацярыну Садоўскую за лісты з пагрозамі на адрас судзьдзяў на год пазбавілі волі. Судзьдзі Чмара і Ўліціна заявілі пазоў на кампэнсацыю маральных стратаў — два мільёны рублёў кожнай. Абвінаваўца казала, што судзьдзі панесьлі маральныя страты падчас папярэдняга сьледзтва.

Адвакат прасіў, каб ягонай падабароннай зьмянілі меру стрымання й адпусьцілі дахаты. Ён спаслаўся на тое, што ў хворай 60-гадовай жанчыны на ўтрыманьні знаходзяцца 84-гадовая маці й муж-інвалід. Суд не задаволіў хадайніцтва, бо Кацярыну Садоўскую абвінавачваюць у больш цяжкім злачынстве — абразе Аляксандра Лукашэнкі.

Прадстаўніца пракуратуры спаслалася на вынікі лінгвістычнай экспэртызы, згодна зь якімі зьмест ліста ўтрымлівае абразьлівыя выразы на адрас кіраўніка дзяржавы. У судзе высьветлілася, што Кацярына Садоўская ліст пісала — і яна ад гэтага не адмаўлялася, але не пасьпела яго нікому даслаць, бо яе арыштавалі. Ліст знайшлі падчас ператрусу ў кватэры.

Прадстаўніца пракуратуры папрасіла пакараць праваабаронцу на тры гады пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму. На судзе прысутнічалі дзеці Садоўскай і муж. Сын Юры сказаў “Свабодзе” некалькі словаў:

(Садоўскі: ) “Мая бабулька яе ўжо не дачакаецца. Ёй ужо мала засталося… Ну, а чатыры мільёны для пэнсіянэра — нечуваная сума. Нерэальная”.





23 кастрычніка а 12-й гадзіне будзе абвешчаны прысуд.