Уладзімер Канаплёў сустрэўся ў Маскве з Ван дэр Ліндэнам

Алесь Дашчынскі, Менск У Маскве адбылася сустрэча старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва са старшынём Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэнам. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся дачыненьні Рады Эўропы і афіцыйнага Менску.
Сустрэча адбылася на ініцыятыву сьпікера Дзярждумы Расеі Барыса Грызлова. Уладзімер Канаплёў заявіў журналістам, што раней старшыня ПАРЭ выказваў гатовасьць прыехаць зь візытам у Беларусь, а таксама прапаноўваў правесьці канфэрэнцыю ў пытаньнях міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Паводле Ўладзімера Канаплёва, сустрэча павінна была ўдакладніць гэтыя прапановы.

Як паведамілі ў прэсавай службе Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, сустрэча Рэнэ ван дэр Ліндэна са спадаром Канаплёвым мела нефармальны характар. Яшчэ раней Рэнэ ван дэр Ліндэн заяўляў, што гатовы прыехаць у Менск, калі гэта дапаможа Беларусі ў яе шляху да дэмакратыі. Паводле прэсавай службы Рады Эўропы, падчас сустрэчы закраналася пытаньне прыезду Рэнэ ван дэр Ліндэна ў Беларусь, але канкрэтны час візыту ня вызначаны.

Дэпутат расейскай Думы Андрэй Клімаў заявіў:

(Клімаў: ) “Сустрэча мела нефармальны характар. Гэта была кароткая сустрэча. Яна праходзіла за рамкамі форуму Рады Эўропы “За будучыню дэмакратыі”. Ніякіх экстраардынарных рэчаў там не абмяркоўвалася”.

Аднак паводле спадара Клімава, сустрэча Ўладзімера Канаплёва з Рэнэ ван дэр Ліндэнам спрыяла таму, што пра Беларусь згадалі ў заключным дакумэнце форуму. Нагадаю, спадар Канаплёў не атрымаў афіцыйнага запрашэньня для ўдзелу ў форме.

(Клімаў: ) “Форум выказвае падтрымку дэмакратычнаму разьвіцьцю ў Беларусі. Вітаецца ўдзел беларускіх палітычных партыяў і грамадзянскай супольнасьці ў будучай дзейнасьці форуму. Гэта дапаможа наблізіць дзень, калі Беларусь можа стаць сябрам Рады Эўропы. Гэта значыць, форум дае сыгнал, што Беларусь мае шанец стаць сябрам Рады Эўропы”.

Сёньня ж у Менску Нацыянальны камітэт аб’яднаных дэмсілаў ініцыяваў дыскусію наконт супрацоўніцтва зь міжнароднымі структурамі. Паводле старшыні камітэту Анатоля Лябедзькі, парлямэнцкія структуры Рады Эўропы, АБСЭ, Эўразьвязу і НАТО мусяць гаварыць з афіцыйным Менскам адным голасам і мець агульную пазыцыю. Адносна магчымага візыту Рэнэ ван дэр Ліндэна ў Менск, спадар Лябедзька заявіў:

(Лябедзька: ) “Ідуць працэсы, якія ствараюць ня вельмі добры фон для такога візыту ў Менск. Гэта арышты Дашкевіча, Красоўскага, гэта судовыя працэсы, якія пайшлі пасьля прэзыдэнцкай кампаніі. Відаць, пачынаць трэба ад малога да вялікага”.