У Сойм Літвы ўнесены праект рэзалюцыі адносна коштаў на візы

Тацьцяна Поклад Сёньня у літоўскім Сойме зарэгістраваны праект рэзалюцыі адносна павышэньня коштаў на візы для грамадзянаў Беларусі у краіны Эўразьвязу ад 1 студзеня наступнага году. Тэкст рэзалюцыі прапанаваў сябра камітэту замежных справаў Вацлаў Станкевіч.
Рэзалюцыя улічвае і інтарэсы іншых краінаў-суседзяў і заклікае краіны Эўразьвязу, Эўрапарлямэнт і Эўрапейскую Камісію актыўна працаваць ў справе палітыкі эўрапейскага суседзтва і як найхутчэй знайсьці сродкі для спрашчэньня візавага рэжыму грамадзянам Беларусі, а таксама каўкаскім краінам, грамадзянам Расеі, жыхарам Калінінградзкай вобласьці.

Вацлаў Станкевіч нагадвае, што кошты на візы ў 60 эўра для беларускіх грамадзянаў, якія уводзяцца ад 1 студзеня 2007 году, не адпавядаюць жыцьцёваму узроўню гэтай краіны, як і іншых суседніх з Эўразьвязам краінаў. Такім чынам, магчымасьць паездак і камунікацый паміж людзьмі значна зьменшыцца, а гэта, падкрэсьлівае В.Станкевіч, не адпавядае мэтам палітыкі суседзтва Эўразьвязу, і можа нэгатыўна паўплываць на імідж Эўразьвязу і на разьвіцьцё дэмакратычных працэсаў у краінах-суседзях.

Праект рэзалюцыі будзе абмяркоўвацца на пленарным паседжаньні літоўскага Сойму заўтра.