6 партый стварылі Каардынацыйную раду да мясцовых выбараў

Валер Каліноўскі, Менск Кіраўнікі шасьці апазыцыйных партыяў — БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі камуністаў Беларускай, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” й Партыі працы — ухвалілі рашэньне аб стварэньні Каардынацыйнай рады кіраўнікоў штабоў у справе падрыхтоўкі да мясцовых выбараў. Яны па-ранейшаму разглядаюць гэтыя выбары як палітычную кампанію, і ў сувязі з гэтым ухвалілі агульны тэкст пасланьня да выбарцаў. Тым часам учора закончылася вылучэньне прэтэндэнтаў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.
На мясцовых выбарах аб’яднаныя апазыцыйныя сілы зьбіраюцца каардынаваць сваю дзейнасьць у шырэйшым фармаце, чым у папярэдняй прэзыдэнцкай кампаніі, бо да іх далучылася БСДП “Грамада” — партыя Аляксандра Казуліна. Гаворыць намесьнік старшыні гэтай партыі Анатоль Ляўковіч:

(Ляўковіч: ) “У першую чаргу мы спалучаем гэтую кампанію з той, якую ўжо даўно вядзем, — гэта кампанія “За свабоду Казуліна”. І вось магчымасьці выбарчай кампаніі мы хочам скарыстаць у гэтым кірунку”.

Спадар Ляўковіч кажа, што ад партыі будуць вылучацца больш за сто кандыдатаў, і для яго непрынцыпова, ці будзе нейкая канкурэнцыя ў акругах з кандыдатамі ад іншых апазыцыйных партыяў, паколькі ён ня лічыць, што ў Беларусі пройдуць рэальныя выбары. Такая ж пазыцыя ў АГП. Гаворыць кіраўнік выбарчага штабу партыі Анатоль Паўлаў:

(Паўлаў: ) “Мы разглядаем гэта не як выбары, а як кампанію, і чым больш людзей пройдзе па акрузе і папрацуе з выбарцамі, давядзе да іх нашы прапановы й бачаньне разьвіцьця рэгіёну й краіны ў цэлым, чым больш кандыдатаў папрацуе, тым лепей, тым больш людзей мы ахопім”.

Партыя камуністаў Беларуская пакуль падрыхтавала 130 патэнцыйных кандыдатаў, паведаміў кіраўнік яе перадвыбарчага штабу Аляксандар Пахлопка. У тэрытарыяльныя камісіі ад ПКБ вылучана каля 90 чалавек, гэта меней, чым на папярэдніх выбарах, бо ўлады закрылі шмат першасных арганізацыяў, патлумачыў спадар Пахлопка.

Такая ж сытуацыя ў АГП, БНФ і іншых партыях, дзе таксама кажуць аб істотным абмежаваньні магчымасьцяў на вылучэньне сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі ў сувязі са зьменамі заканадаўства.

З усіх партыяў апазыцыйнай кааліцыі канчатковае рашэньне пра ўдзел у выбарчай кампаніі не ўхвалілі толькі ў БСДГ. Яе лідэр Станіслаў Шушкевіч прапанаваў абмеркаваць магчымасьць байкоту мясцовых выбараў, але рашэньне будзе прынятае толькі ў аўторак на паседжаньні выканкаму Цэнтральнай рады партыі.