Партыя камуністаў судзіцца зь Міністэрствам юстыцыі

Уладзімер Арлоў, Менск Сёньня ў Вярхоўным Судзе Беларусі разглядалі скаргу Партыі камуністаў Беларускай на дзеяньні Міністэрства юстыцыі, якое 25 жніўня вынесла пісьмовае папярэджаньне партыі. ПКБ просіць адмяніць пакараньне. Рашэньне на гэты конт будзе вынесенае 18 кастрычніка. Сёньня ж у судзе выслухалі абодва бакі, сьведак, правялі спрэчкі й пачулі пазыцыю прадстаўніка пракуратуры.
Падставай для пісьмовага папярэджаньня стала адмова кіраўніцтва ПКБ перадаць у Міністэрства юстыцыі поўны сьпіс сябраў партыі з пашыранымі зьвесткамі пра кожнага партыйца. Міністэрству гэты сьпіс нібыта патрэбны, каб пераканацца, што ў шэрагах партыі знаходзіцца ня менш за тысячу чалавек.

Першы сакратар ЦК ПКБ Сяргей Калякін патлумачыў суду, што супраць перадачы поўнага сьпісу выступаюць многія шараговыя партыйцы. Яны непакояцца пра тое, што калі мясцовыя ўлады дазнаюцца пра іхняе сяброўства ў апазыцыйнай партыі, іх чакаюць непрыемнасьці. І гэта пацьвердзілі сёньня сьведкі: прынамсі, на ўласных прыкладах Валеры Рыбчанка са Жлобіна, Валеры Батурын са Смаргоні, Міхаіл Рухман зь Віцебску. Валерыя Рыбчанку звольнілі з Жлобінскага мэталюргічнага заводу, як ён лічыць, выключна за партыйную актыўнасьць:

(Рыбчанка: ) “Людзі бачаць, што ў судзе дамагчыся праўды немагчыма, таму й баяцца, каб іх уключалі ў сьпісы. Ведаюць, што спачатку возьмуцца за тых, хто працуе, а потым і да пэнсіянэраў дабяруцца. Вельмі проста гэта робіцца: запрашаюць у выканкам, кладуць чысты ліст паперы. І — альбо з працы, альбо з партыі”.

Сяргей Калякін падкрэсьліў, што, на яго думку, міністэрства перавысіла свае паўнамоцтвы, паколькі ні ў Канстытуцыі, ні ў законе аб палітычных партыях патрабаваньня аб поўным з пашыранымі зьвесткамі сьпісе не існуе. Прадстаўніца Міністэрства юстыцыі Неаліна Фішкіна настойвала на тым, што яе ведамства ніякіх парушэньняў не дапускала. І ў гэтым яе падтрымала пракурор Мазоўка.

Згодна зь дзейным заканадаўствам, пасьля другога пісьмовага папярэджаньня дзейнасьць палітычнай партыі ў Беларусі могуць спыніць.