Ян Чыквін: “Жыцьцё – гэта сьвятое дзейства”

Радыё Свабода Ян Чыквін – удзельнік перадачы “Ў што я веру”
Я, чалавек ужо немалады, шмат пражыў і, калі азіраюся на гэты свой пройдзены шлях, то ў сваіх паводзінах, дзеяньнях, адносінах да людзей і прыроды, урэшце да самога сябе бачу досыць істотную для сябе пасьлядоўнасьць. Пасьлядоўнасьць тая, як, мабыць, нейкая рыса майго характару, а таксама і сьветапогляду, як у кожнага чалавека, выпрацавалася ў раньніх гадах жыцьця.

Сёньня я магу сказаць сабе, што я меў шчасьце нарадзіцца ў натуральным для чалавека, гэта значыць, вясковым атачэньні і ў вялікай сям’і. Мы жылі, як на той час, у досыць прасторным доме. У вайну, калі большасьць вёскі пайшла з дымам, ён ацалеў, можа таму, што стаяў не пры галоўнай вясковай вуліцы, а збоку – тады як бы пры палявой дарозе, цяпер проста іншай вуліцы.

Дом наш стаяў так, што з вакна нашай кухні, дзе мы штодзень зьбіраліся пры стале і не толькі харчавацца, бачылі царкву. Сваім купалам і крыжамі, сінім колерам, звонам званоў яна даслоўна ўвесь час была з намі, суправаджала нас з дня ў дзень, з года ў год.

Мы бачылі, як вернікі-сяляне ішлі ды ехалі то туды, у царкву, то назад. Старэйшыя сёстры мелі прыгожыя галасы і сьпявалі ў царкоўным хоры. І ўвесь дом жыў згодна праваслаўнай традыцыі, мы сьвяткавалі, пасьцілі, чыталі малітвы, калядавалі, сьвянцілі.

Дубіцкая царква, якую мясцовыя майстры будавалі, як гаворыцца, на маіх вачах і якая штодзень з таго часу была жыва прысутнай у маім краявідзе, задавала тон і рытм усяму навакольнаму простаму люду, яднала яго. У Дубіцкую царкву сыходзіліся людзі з навакольных вёсак, Грабаўца, Руткі, Тафілаўцаў, Чахоў. Царква была цэнтрам гэтага сьвету.

Царква першая вучыла адрозьніваць дабро і зло, знаёміла з герархіяй агульначалавечых і хрысьціянскіх каштоўнасьцей, несла этычныя ідэалы, вучыла эстэтычнага ладу. Гэта яна давала веру ў існаваньне справядлівага судзьдзі і веру ў сэнс самога чалавечага існаваньня, крэсьліла пэрспэктыву пасьля сьмерці. Здавалася, менавіта тут самаразгортвалася аголеная да болю самая звычайная чалавечая экзыстэнцыя са сваімі ўнівэрсальнымі каштоўнасьцямі; існаваньне, не заслоненае, не зацемненае цывілізацыйнымі мішурой і шалупіньнем.

Я ўспамінаю той даўні час, таму што менавіта тады і там сфармаваліся, скрышталізаваліся вось на такім грунце і мае ідэалы, і мая вера, якія засталіся назаўсёды са мною і ўва мне, якія былі для мяне сталымі арыенцірамі ў сьвеце.

Яны давалі пачуцьцё далучанасьці да вялікай чалавечай сям’і адзінаверцаў, умацоўвалі дух і давалі сілу, урэшце, вылучалі нацыянальна. Гэтыя першасныя, так сказаць дубіцка-царкоўныя, ідэалы і вера з цягам гадоў, паступова, вядома, відазьмяняліся, трансфармаваліся, узбагачаліся, дапаўняліся новым вопытам, ахоплівалі сваім радыюсам штораз большую прастору мірскога, сьвецкага жыцьця. Аднак не мяняўся асноўны іх вэктар.

Таму і па сёньняшні дзень засталася вера ў тое, што жыцьцё – гэта сьвятое дзейства, і што яно пагасла б на зямлі, каб не стала на ёй людзей, бо жыцьцё – гэта найперш жыцьцё духам, чым шчодра абдзелены чалавек у сваіх пачатках.

Веру, што чалавек нараджаецца для нечага вельмі істотнага і нараджаецца не адзіны раз, а шмат разоў. Веру, што ёсьць жывая любоў і жывое сумленьне і такая ж краса, і такая ж дабрыня, і яны праяўляюцца праз чалавека і для чалавека. Веру, што не матэрыяльна-эканамічны фактар вырашае ўсе пытаньні чалавечай гісторыі, што глябалізацыя не нясе супакою. І веру таксама, што праміне час разбуральнікаў жыцьця, якіх легіён, і час нацыянальных здраднікаў, якіх таксама нямала, і скончыцца духоўны крызыс, у якім знайшлася цяпер эўрапейская цывілізацыя і культура, а разам зь ёю Беларусь.

І веру, што з’явіцца на Беларусі даўно чаканы беларускі палітык, арганізатар, канструктар. Веру, што менавіта сёньня, а можа ўжо ўчора нарадзіўся беларускі гегемон, імпэратар, які сілаю свайго мысьленьня, характару і волі аб’яднае раз’яднаную Беларусь, пашырыць яе межы, верне ёй гістарычную славу і мацату, і веліч. У гэта веру!

***

Ян Чыквін нарадзіўся 18 траўня 1940 ў вёсцы Дубічы Царкоўныя на Беласточчыне. Скончыў Беларускі ліцэй ў Бельску, факультэт Беларускай філялёгіі ў Варшыўскім унівэрсытэце. Дырэктар Інстытуту Ўсходнеславянскай філялёгіі, прафэсар гісторыі расейскай і беларускай літаратуры 19-га-20-стагодзьдзяў. Пра сябе ён кажа, што "часам таксама бывае паэтам".

Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: ПС 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 2 66 39 52

Гл. таксама: Івонка Сурвіла: “Я веру ў веру” Мікалай Цімафееў: “Веру, усё ў нас будзе добра” Сьвятлана Длатоўская: "Я веру ў сям''ю..." Уладзімер Арлоў: “Веру ў моладзь, а значыць – веру ў Беларусь” Валянціна Трыгубовіч: "Веру ў неацэнную ролю жанчыны" Андрэй Дынько: “Я веру, што Лушнікаў пераменіцца” "У што я веру": гавораць слухачы “Свабоды” Валянцін Акудовіч: Вялікі Інкогніта Сьвятлана Марэцкая: «Веру ў сапраўднае каханьне» Адам Глобус: “Людзям я ня веру. Я веру сабе" “У што я веру”: гавораць слухачы “Свабоды” Зянон Пазьняк: “Веру ў сьветлую будучыню Беларусі” Эла Мацьвіенка: “Я веру ў сваіх дзяцей Яню, Мільку ды Стася” a.Андрэй Сідаровіч: “І сёньня дыхаю паветрам сакавіка” “У што я веру”: гавораць слухачы “Свабоды” Іна Кулей: "Я веру ў маю Беларусь" Ян Маўзэр: “Я веру ў каханьне й гаючую моц самоты” Міра Лукша: “ Каб жыць, трэба верыць” Андрэй Клімаў: “Веру, што сёлета ў краіне адбудуцца перамены” Леанід Дранько-Майсюк: “Веру ў агародны дух бульбы” Аляксандра Лобзава: “Маё крэда знайшло мяне” Максім Жбанкоў: “Веру ў ранішнюю ўсьмешку каханай”