У Вільні абмяркуюць беларускае пытаньне

Радыё Свабода, Менск Сёньня ў Вільні пачынае працу двухдзённы сэмінар у справах Беларусі, які праводзіць Парлямэнцкая Асамблея НАТО ў супрацоўніцтве з Сэймам Літвы. Зь Менску ў Вільню запрошаныя прадстаўнікі апазыцыі й грамадзкіх арганізацыяў.
У працы сэмінару плянуюць ўзяць удзел 25 парлямэнтароў, прадстаўнікі НАТО, Эўразьвязу і беларускай апазыцыі. Яны абмяркуюць палітычную і эканамічную сытуацыю, а таксама становішча з мэдыямі. На сэмінары таксама пойдзе гаворка пра новую, больш эфэктыўную палітыку адносна Беларусі. Напярэдадні прадстаўнікі беларускіх уладаў нэгатыўна выказаліся пра гэтую падзею. Паводле прэсавага сакратара беларускага МЗС, гэта не зьяўляецца правільным спосабам вырашэньня існуючых праблем. Старшыня камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў:

(Папоў: ) “Я ня ведаю ніякіх апазыцыянэраў. Ёсьць дзяржава, зь якой абавязана супрацоўнічаць любая структура. Тады гэта будзе мець нейкія адносіны, а так гэта пасядзелкі.”

Паводле спадара Папова, удзельнікі сэмінару ня маюць права абмяркоўваць сытуацыю ў Беларусі.

(Папоў: ) “НАТО няхай спачатку разьбярэцца ў сваіх справах. У рамках тых краін, якія ўваходзяць у склад НАТО. Пачынаючы ад Францыі і канчаючы ўсімі астатнімі. Мы не ўмешваемся, мы іх ня вучым як ім там паступаць”.

На сэмінары пра палітычную сытуацыю ў Беларусі раскажа намесьнік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч.

(Міхалевіч: ) “У нас па выніках прэзыдэнцкіх выбараў ёсьць вельмі добрая альтэрнатыва дзейнаму прэзыдэнту. Гэта Аляксандар Мілінкевіч. І ёсьць усе магчымасьці пры эфэктыўнай працы, пры пэўнай дапамозе з боку Эўрапейскага зьвязу зрабіць так, каб большасьць беларускага грамадзтва пачала падтрымліваць Аляксандра Мілінкевіча, каб ужо ў найбліжэйшыя некалькі гадоў стварыць усе ўмовы, каб памяняць сёньняшнюю ўладу”.

Спадар Міхалевіч не выключае, што падчас сэмінару будзе таксама ўзьнятае пытаньне палітычных вязьняў у Беларусі. Эканамічнай сытуацыі ў Беларусі прысьвяціць свой выступ намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) “Я вельмі ўдзячны Парлямэнцкай асамблеі НАТО за тое, што яны зрабілі беларускае пытаньне асноўным. Гэты форум – спроба яшчэ раз прааналізаваць тое, што адбываецца, выкласьці пазыцыю розных бакоў, каб прыйсьці да кансэнсусу тым сілам, якія рэальна зацікаўлены ў дэмакратызацыі нашай краіны. Прыярытэтам на сёньня безумоўна з’яўляецца кампанія “мясцовыя выбары”. Калі мы гаворым пра Эўразьвяз, які прымае рашэньні на гады наперад, то гэта павінна быць спадарожнікавае тэлебачаньне, кансалідаваная пазыцыя па радыё і безумоўна падтрымка мэдыяў. Без гэтага дэмсілам у Беларусі вельмі цяжка”.

Наша даведка:

Парлямэнцкая Асамблея НАТО -гэта міжпарлямэнцкі форум дзяржаваў-сябраў НАТО. Яна незалежная ад НАТО, але выступае ланцужком паміж нацыянальнымі парлямэнтамі і Паўночнаатлянтычным Альянсам. Беларусь была асацыяваным сябрам Асамблеі, аднак у 1997 годзе яе сяброўства было замарожана з прычыны недэмакратычных выбараў у Беларусі. У мінулым годзе камітэт Парлямэнцкай Асамблеі НАТО вырашыў не аднаўляць супрацоўніцтва з беларускім парлямэнтам з увагі на недэмакратычныя дзеяньні кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і нелегітымнасьць не дэмакратычна абранага беларускага парлямэнту. Пры гэтым камітэт прызнаў, што неабходна цікавіцца працэсамі ў Беларусі і падтрымліваць дачыненьні з прадстаўнікамі беларускіх недзяржаўных арганізацый.