Алесь Дашчынскі, Менск Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ выказваецца за байкот маючых адбыцца мясцовых выбараў. Пра гэта заявіў намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі.
(Беленькі: ) “Даўно няма выбараў, адбываюцца толькі дзеі, якія можна назваць выбарчым фарсам і ня больш за тое. Акрамя таго, важна зазначыць і гэта вельмі сур’ёзна, што да так званых мясцовых выбараў могуць далучыць рэфэрэндум па так званым Канстытуцыйным акце, а фактычна па ліквідацыі сувэрэннага статуса Рэспублікі Беларусь. І гэта вельмі сур’ёзна. Я хачу нагадаць, калі праходзіў так званы рэфэрэндум па падаўжэньні тэрміну прэзыдэнцтва, рэфэрэндум быў незаконны, супярэчыў дзейнаму заканадаўству і некаторыя палітычныя партыі, якія прэзэнтуюць сябе як апазыцыйныя і незалежніцкія заклікалі выбарцаў да ўдзелу ў так званым рэфэрэндуме і фактычна паспрыялі таму, каб Лукашэнка рэалізаваў свой плян падаўжэньня сваіх паўнамоцтваў”.