Грузія чакае ад Эўразьвязу падтрымкі ў канфлікце з Расеяй

Сяргей Абламейка, Прага Пасол Грузіі ў Эўразьвязе Саламэ Самадашвілі заявіла ў інтэрвію нашаму Радыё, што яе краіна чакае яснай і адназначнай падтрымкі ад міністраў замежных справаў аб’яднанай Эўропы, якія зьбяруцца праз тыдзень на саміт у Брусэлі. Наш карэспандэнт запытаўся ў амбасадаркі, як яна ацэньвае паведамленьне Хаўера Саляны і спэцпрадстаўніка на Паўднёвым Каўказе Пітэра Сэмнэбі для камітэту замежных справаў Эўрапарлямэнту?
(Самадашвілі: ) “Я думаю, з паведамленьня вынікае, што Эўразьвяз прызнае наяўныя праблемы, больш-менш аб’ектыўна ацэньвае сытуацыю і ролю ў ёй асобных гульцоў. Я таксама назвала б вельмі важным сьцьверджаньне пасла Сэмнэбі, што выпадак Косава не зьяўляецца прэцэдэнтам для Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі і што правядзеньне паралеляў тут цалкам неабгрунтавана...”

Далей карэспандэнт Радыё Свабода запытаўся ў грузінскай амбасадаркі ў Эўразьвязе, ці прымае яна крытыку Саляны і Сэмнэбі на адрас Грузіі, якая, паводле іх, правакацыйна паводзіла сябе адносна Расеі і ня мае доўгатэрміновага пляну адносна будучыні Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

(Самадашвілі: ) “Я цалкам не згадзілася б з такімі цьверджаньнямі. Грузія паўтара года назад прапанавала вельмі дэтальныя прапановы для працягу мірнага працэсу. Некаторыя зь іх, напрыклад плян мірнага ўрэгуляваньня для паўднёвай Асэтыі, былі ўхваленыя міжнароднай супольнасьцю – а менавіта міністрамі АБСЭ ў Любляне. Грузія таксама выканала сваю частку гэтага пляну і мы прасунуліся ў гэтым працэсе настолькі, наколькі гэта магчыма ў аднабаковым парадку...”

Пасол Грузіі ў Эўразьвязе Саламэ Самадашвілі таксама заявіла на сустрэчы з групай эўрапейскіх дэпутатаў у аўторак, што цяпер ня час для неадназначных пасылаў, маючы на ўвазе нежаданьне Эўразьвязу крытыкаваць Расею за яе ролю ў эскаляцыі напружанасьці на Каўказе.