Сьледчы едзе ў Віцебск дапытваць Паўла Красоўскага

Радыё Свабода, Віцебск Паводле папярэдніх зьвестак, сёньня мае адбыцца чарговы допыт Паўла Красоўскага, затрыманага паводле падазрэньня ў датычнасьці да віцебскіх выбухаў, што адбыліся летась 14-га і 22-га верасьня. У віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня Павал Красоўскі знаходзіцца ўжо шостыя суткі: пасьля таго, як 4-га кастрычніка ў ягонай жодзінскай кватэры быў праведзены ператрус, моладзевага актывіста прывезьлі ў Віцебск і дыпыталі ў аддзеле па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю.
Сьледзтва па справе віцебскіх выбухаў вядзе Аляксандар Рассолька , старэйшы сьледчы па асабліва важных справах Рэспубліканскай пракуратуры. Ён ўжо выправіўся ў Віцебск, і сёньня будзе дапытваць Паўла Красоўскага.

На пытаньне , чаму менавіта сьледчы рэспубліканскай пракуратуры выязджае на сьледчыя экспэрымэнты ў Віцебск, адказаў пракурор па сувязях з грамадзкасьцю Пракуратуры Беларусі Ягор Лівай. (Лівай: ) “Пракуратура першапачаткова вядзе расьследаваньне гэтай крымінальнай справы, і якія дзеяньні прадпрымае сьледчы, які вядзе расследваньне яго, я не магу камэнтаваць. Калі ён выязджае на месца, значыць, гэта неабходна”.

На думку сяброў Паўла Красоўскага, цьвёрда ўпэўненых у ягонай невінаватасьці, сёньняшні допыт можа быць вырашальны. Таму яшчэ адзін жодзінскі моладзевы актывіст Сяржук Гудзілін разам са сваякамі й блізкімі спадара Красоўскага таксама зьбіраюцца сёньня прыехаць у Віцебск і чакаць зьвестак пра затрыманага.

(Гудзілін:) “Мы зьбіраемся да Паўла разам з ягонымі сваякамі. Будучая жонка і матуля будзе – яна не баіцца ні ціску, нічога, галоўнае, каб сын быў дома. Але мы рыхтуемся і да горшага, і да лепшага варыянтаў. Будзем перадаваць перадачу, калі будзе горшы варыянт, а калі будзе ўсё добра, то забярэм Пашу дадому ў Жодзіна.”

Паводле Сяржука Гудзіліна, у Жодзіне шырока абмяркоўваюць затрыманьне Паўла Красоўскага.

(Гудзілін:) “У горадзе ўсе лічаць гэта абсурдам, нейкай палітычнай замовай -- тое, як яго затрымалі, у чым вінавацяць або ў чым падазраюць. Але мясцовая дэмакратычная супольнасьць сустрэла гэта мужна, нават “Таварыства інвалідаў вайны ў Афганістане” выпусьціла адпаведную заяву. Старшыня Камароўскі Аляксандар Аляксандравіч, у якога паша быў намесьнікам па працы з моладдзю, у “Народную Волю” перадаў зварот”.

Дэмакратычная грамадзкасьць Віцебску таксама ня верыць у датычнасьць жодзінскага актывіста да леташніх выбухаў. Шмат хто ў горадзе ведае й памятае, што першымі пад увагу міліцыянтаў тады падпалі менавіта маладыя апазыцыянэры, і ў некаторых сябраў “Маладога фронту” і моладзевай суолкі “Седьмая грань” таксама праводзілі ператрусы. Але, не знайшоўшы выбуховых рэчываў, забіралі ўлёткі, бел-чырвон-белыя сьцягі ды кампутарныя дыскі, як і ў выпадку Паўла Красоўскага.

Падтрымаць ягоную маці, спадарыню Красоўскую, сёньня зьбіраецца Тацяна Севярынец, маці вядомага моладзевага лідара Паўла Севярынца, які цяпер адбывае пакараньне за арганізацыю несанкцыянаваных вулічных акцыяў. Ён ужо ведае пра затрыманьне сябра і перадае словы салідарнасьці.