Італія прамяняла Беларусь на віетнамскі абутак

Радыё Свабода У ЭЗ не падтрымалі ўвядзеньне гандлёвых санкцыяў супраць Беларусі. Адпаведная ініцыятыва Вялікабрытаніі, Францыіі і скандынаўскіх краінаў была блякаваная ў пятніцу ў Брусэлі краінамі суседзямі ЭЗ – Польшай, Літвой і Латвіяй. Пра гэта паведаміла агенцыі Reuters крыніца ў брусэльскіх дыпляматычных колах.
Прадстаўнік Літвы аргумэнтаваў сваю пазыцыю тым, што падобныя санкцыі ў выніку больш пашкодзяць беларускаму народу, а не ягонаму кіраўніцтву.

Як перадае Reuters, супраць спыненьня рэжыму прэфэрэнцыяў выступілі таксама Грэцыя і Кіпр. Рашучую ж ролю ў прыняцьці рашэньня адыграла Італія, якая ўстрымалася ў часе галасаваньня. Паводле крыніцы Reuters, гэта быў клясычны прыклад узаемных саступак, якія практыкуюцца ў часе перамоваў ЭЗ. За сваё ўстрыманьне Італія гарантавала сабе падтрымку Польшчы і Літвы ў часе галасаваньня па пытаньні мытаў на кітайскі і віетнамскі скураны абутак.

Сябры ЭЗ аднак былі адзінымі ў пазыцыі што да пашырэньня сьпісу беларускіх пэрсонаў, якім забаронены ўезд у краіны аб’яднанай Эўропы. Такім чынам да 31 беларускага чыноўніка далучацца яшчэ чацьвёра. Гэта тыя асобы, якія маюць дачыненьнне да спрэчнага юрыдычнага прысуду сябраў беларускай апазыцыі. Паведамляецца, што паседжаньне, на якім ЭЗ можа прыняць гэтае рашэньне, адбудзецца да канца кастрычніка.