Эдуард Акулін, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя зацемкі мінулага тыдня падае Эдуард Акулін – паэт, перакладчык, бард, намесьнік галоўнага рэдактара часопіса “Дзеяслоў”, а таксама – намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
2.10.3006 г. Панядзелак
Сёньня дзёньнік пачаўся з памылковай даты. Звычайная кампутарная апячатка абярнулася 3006 годам! Нават падумаць страшна. І, адначас, цікава, які дзень тыдня будзе 2 кастрычніка 3006 году? І наогул, як будзе, што будзе і ці будзе хоць нешта ад Беларусі? Міжволі прыгадаўся сьветлай памяці Толя Сыс, які ў апошні год жыцьця аднайменную кнігу cваіх вершаў знарок падпісваў 3004 годам, сьвядома сьцьвярджаючы гэтым сваю творчую неўміручасьць. Ну, дык і не памыліўся! Адразу пасьля ягонай заўчаснай сьмерці шмат хто з тых, што пры жыцьці баяліся Анатоля, як чорт ладану, і ўсяляк бэсьцілі ягоную паэзію, не прамінулі запісацца ў шчырыя сябры і хорам засьпявалі асанну “пачыўшаму” генію.
Дарэчы, сваю абранасьць і прышлую ролю Месіі беларускай паэзіі Анатоль прадчуваў яшчэ ў студэнцкія гады. Бо толькі па праве духоўнай роднасьці ён на дзень маіх народзін у студзені 1981 году падпісаў мне “Вянок” Максіма Багдановіча ад імя аўтара… Нездарма ж праз 20 гадоў літаратурнага жыцьця ён прылюдна называў сябе братам Максіма Багдановіча і сынам Янкі Купалы.
У дзень пахаваньня Анатоля на самых прыгожых беларускіх могілках у ягоным родным Гарошкаве, разьвітваючыся з сябрам, я так і сказаў: “Вось ты і пайшоў, Толя, у сваю нябёсную сям’ю, да брата Максіма і бацькі Янкі…”
Гэта і ёсьць нашая несьмяротная Тройца – Айцец, Сын і сьвяты Дух беларускай паэзіі.
3.10.2006 г. Аўторак
З ласкавага запрашэньня Анатоля Вярцінскага разам з Барысам Пятровічам едзем на Лысую гару па яблыкі. Бо па словах Анатоля Ільіча – сёлета да самазагубства яблычны год. Яблыні проста ламаюць на сабе галіны, ня ў стане вытрымаць цяжар уласных пладоў.Само сабой узгадалася паэтычнае графіці, прачытанае мінулай восеньню на адным з фасадаў польскага гарадка Бжэгу: “Дрэва ёсьць смуткам, а сьлёзы ягоныя – плады”. Сапраўды, сёлетнім беларускім садам ёсьць чым паплакаць…
Вось і паваротка на Малую Валоўшчыну, дзе па папярэдняй дамове нас павінен быў чакаць гасьцінны гаспадар. Аднак Анатоля Ільіча на месцы не аказалася, таму вырашылі самі шукаць лысагорскую гасподу слыннага паэта. З горам папалам мэтадам тыку ўсё ж датралі, як кажуць палякі, да беларускага літаратурнага Парнасу. І першым, каго мы там убачылі, быў паэт Васіль Зуёнак. Пры тым, на лысагорскім алімпе ён аказаўся вышэй ад усіх, бо сядзеў на яблыні, здымаючы з кастрычніцкіх нябёс проста сабе ў кішэні сонечныя сакаўныя антонаўкі. Пасьля цёплых прывітаньняў Васіль Васільевіч адвёў нас да лецішча Вярцінскага, але і там гаспадара не аказалася. Мусілі зноў вяртацца на памятную паваротку, дзе ўрэшце і адбылася шчасьлівая сутрэча трох “літаратурных кітоў”.
Быў сьмех ад перажытай намі "заслаўскай адысэі", былі непад’ёмныя торбы дасьпелых ранэтаў, каштэляў і штрыфэляў, было хмельнае яблычнае віно з залатога трохлітровіка на падваконьні і цёплая задушэўная размова пра восень, пра вечнасьць і “Дзеяслоў”. А пра што ж яшчэ размаўляць пісьменьнікам на Лысай Гары?
4.10.2006 г. Серада
“Пастаўскі дзень” паставіў у тупік…Справа ў тым, што яшчэ напярэдадні з паэтам Ігарам Пракаповічам, які працуе ў адной з пастаўскіх школ мы дамовіліся на некалькі творчых сустрэч. Як радавалася кіраўніцтва школы і гімназіі, дзе меліся адбыцца сустрэчы. А як жа! Да іх у госьці прыедуць сапраўдныя клясыкі сучаснай беларускай паэзіі, хрэстаматыйныя паэты – Ніл Гілевіч і Леанід Дранько-Майсюк. І раптам з самай раніцы тэлефонны званок з прабачэньнямі. Сустрэчы адмяняюцца. Забараняе Пастаўскі райвыканкам. Каб атрымаць дазвол на іх правядзеньне, трэба затэлефанаваць намесьніцы загадчыка ідэалягічнага аддзелу. На што я скрушна адказаў: “Паэтам дазвол на вершы даваў сам Гасподзь Бог. І кланяцца нейкаму ідэалягічнаму ідалу з Паставаў мы не зьбіраемся…” Шкада толькі настаўнікаў і вучняў сёлетняй сталіцы беларускага пісьменства, якіх так гвалтоўна і непрыгожа пазбавілі сьвята сустрэчы з хараством жывога беларускага слова.
Вечарам у і без таго сапсаваны восеньскі настрой падліў лыжку дзёгцю паэт Віктар Сьлінко. Пры сустрэчы па творчых пытаньнях ля ўнівэрсаму “Мэтр”(а дзе ж яшчэ сустракацца беларускім паэтам) Віктар зьнянацку агаломшыў мяне пытаньнем: “Ну і куды вы нас мусіце весьці?” (маючы на ўвазе чарговы зьезд пісьменьнікаў і маю далучанасьць да кіраўніцтва СБП). На што я разгублена адказаў: “Віця, я не Майсей, каб некуды некага за сабой весьці”. А самому падумалася: крый нас, Божа, у бліжэйшыя сорак гадоў ад адчайнага блуканьня ў пошуках саміх сябе і сваёй страчанай крывіцкай Мэккі…
5.10.2006 г.Чацьвер
А восьмай раніцы паштовы голуб словасьвету (так Леанід Дранько-Майсюк называе інтэрнэт) прынёс вестку ад майго старэйшага ўкраінскага пабрацімца паэта Валадзіміра Капусьціна, зь якім мы гэтым летам пазнаёміліся і пасябравалі падчас адпачынку ў Кактэбелі. Нягледзячы на свой пашанотны ўзрост, пан Валадзімір усе 12 дзён быў сапраўдным лякаматывам творчага жыцьця самага паэтычнага гораду крымскага ўзьбярэжжа. Гэта ягонымі намаганьнямі на падворку дома-музэя Максімільяна Валошына адбылася сумесная ўкраінска-беларуская вечарына, якая, нягледзячы на зэніт пляжнага сэзону, сабрала добрых паўтары сотні прыхільнікаў паэтычнага слова. Дзякуючы яму я нарэшце паставіў, кажучы па-ўкраінску, астатнюю крапку ў сваёй працы над анталёгіяй украінскай паэзіі ХХ стагодзьдзя. Ды яшчэ якую сонечную — у самім паэтычным сэрцы Крыму. Такім чынам, на маім “паэтычным майдане” нарэшце сабралася роўна сто выдатных украінскіх творцаў. Менавіта аб такой сымбалічнай колькасьці я марыў, распачынаючы паўтара года таму свой перакладчыцкі маратон.
Сто гадоў вялікай украінскай літаратуры прадстаўлены адпаведнай колькасьцю паэтаў. Ды яшчэ якіх! Пачынаецца анталёгія перакладам верша “Макі” геніяльнага Валадзіміра Сасюры і заканчваецца творамі адной з самых маладых прадстаўніц сучаснай украінскай паэзіі – Алесі Мудрак. А між гэтымі двума берагамі – Ліна Кастэнка, Дзьмітро Паўлычка, Васіль Сіманенка, Іван Драч, Мікола Вінграноўскі, Раман Лубкіўскі, Васіль Стус, Раман Скіба, Надзея Кір’ян і г.д, і г.д…— сапраўдны паэтычны Сусьвет краіны, у якой і па сёньня не самотна нашаму беларускаму Страціму-лебедзю – Максіму Багдановічу.
Мне сёньня з раніцы таксама не самотна, пане Валадзіміру, бо вашая паэтычная Ятрань сваімі пяшчотнымі хвалямі торкае (як вы любілі казаць) у самы вільчык майго перакуленага ад радасьці сэрца.
6.10.2006 г. Пятніца
Люблю “дзеясловіць” у творчай сябрыне з Барысам Пятровічам і Леанідам Дранько-Майсюком. А сёньня якраз такі блаславёны Госпадам дзень.
Божа, колькі паэтычных дарог мы праехалі разам за гэтыя чатыры гады! З якімі цудоўнымі людзьмі пазнаёміліся! Колькі сапраўдных сяброў зьявілася ў нашага маладога выданьня! Як высока ўзьняўся літаратурны сьцяг часопіса “Дзеяслоў”! І ня дзіва – больш чым 150 творчых сустрэч толькі за апошнія паўтара года! І ўсё гэта найперш дзякуючы творчай няўрымсьлівасьці і апантанасьцю хараством паэтычнага слова Леаніда Дранько-Майсюка і “дзеяслоўнай” ахвярнасьці галоўнага рэдактара часопісу Барыса Пятровіча.
З Гомеля ў Гародню (губляючы ад хуткасьці нумарныя знакі), зь Віцебску ў Берасьце (намотваючы на колы тысячы кілямэтраў дарогі), з Мазыра ў Полацак, зь Пінску ў Ліду… Ляціць вольнае беларускае Слова. Лунае над роднай Беларусьсю бел-чырвона-белы бусел-сьцяг. І ніякая чаўруцінская зграя ня ў сілах “ні спыніць, ні разьбіць, ні стрымаць” верных рыцараў беларушчыны, адданых донкіхотаў айчыннай літаратуры з выявай “Дзеяслову”, вышытай на штандары паэтычнай душы!..