16 пратэстантаў царквы "Новае жыцьцё" распачалі галадоўку (фота)

Любоў Лунёва, Менск 16 вернікаў-пратэстантаў суполкі “Новае жыцьцё” пачалі бестэрміновы пост-галадоўку ў будынку царквы. Гэтак яны намагаюцца абараніць будынак, які, згодна з судовым рашэньнем, маюць вызваліць 9 кастрычніка. Вернікі лічаць, што наступным крокам уладаў стане ліквідацыя суполкі.
Вернікі, якія трымаюць пост-галадоўку, паведамілі “Свабодзе”, што да 9 кастрычніка да іх далучацца яшчэ некалькі чалавек. Натальля Кунаўская распавяла, што будзе ўдзельнічаць у акцыі да канца.

(Кунаўская: ) “Для нас вельмі важныя наш будынак, наша зямля. Гэта тое, што нам належыць. Я перад Богам казала, што хачу, каб нешта зьмянілася. Муж, дзеці, мама… Яны мяне падтрымліваюць”.

Сяргей Церах апавёў, што кожны, хто трымае пост, даў расьпіску:

(Церах: ) “Я, Церах Сяргей Іванавіч, даю згоду на прымусовы вывад мяне з галадоўкі ў выпадку пагрозы майму жыцьцю. Ну, калі я сьвядомасьць страчу, альбо яшчэ што такое… Я ўсё добра разумею”.

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч далучыўся да посту вернікаў-пратэстантаў:

(Мацкевіч: ) “Мы верым, што Бог адказвае на малітвы чалавечыя. Пост — гэта падрыхтоўка да таго, каб нашая малітва была шчырая й пранікнёная. Галадоўка ў поўным сэнсе ёсьць заяўкай на самагубства. Вядома, што гэта не па-хрысьціянску, таму мы ідзем на вельмі радыкальны пост. На гэтыя ўлады мы ніякіх спадзяваньняў ня маем”.

Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка паведаміў “Свабодзе”, што вернікі-пратэстанты ў замежжы на знак салідарнасьці зь беларускімі вернікамі будуць ладзіць пікеты каля будынкаў амбасадаў Беларусі.

Адміністратар царквы Васіль Юрэвіч паведаміў, што вернікі падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне мітынгу 21 кастрычніка.

(Юрэвіч: ) “У гэты будынак мы ўклалі частку свайго жыцьця, ну й сваіх сродкаў таксама. Гэта наш другі дом. Гэта барацьба не за сваю маёмасьць, а за лёс пратэстантаў у Беларусі, бо наша дзяржава ня хоча нас бачыць на нашай зямлі”.

Суполка “Новае жыцьцё” налічвае больш за тысячу вернікаў. У будынку царквы плошчай 1600 квадратных мэтраў дзейнічае нядзельная школа. Вернікі лічаць, што цяпер, калі іх, фактычна, пазбавілі юрыдычнага адрасу, улады могуць праз суд пачаць працэдуру ліквідацыі суполкі пратэстантаў.

У 2002 годзе вернікі набылі на ўскрайку Менску былы калгасны кароўнік і адрамантавалі за свае грошы. Летась менскія ўлады забаранілі ладзіць там набажэнствы, а сёлета пералічылі на рахунак царквы каля 17 тысяч даляраў кампэнсацыі за будынак. За гэтыя грошы вернікі ня змогуць набыць нават аднапакаёвай кватэры.

На здымках: удзельнікі галадоўкі і іх патрабаваньні.