Эстонія падтрымлівае беларускую апазыцыю

Паводле БелаПАН Эстонія падтрымлівае беларускую апазыцыю і актыўна ўдзельнічае ў абмеркаваньні ў Эўразьвязе палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Пра гэта заявіў міністар замежных справаў Эстоніі Урмас Паэт у часе сустрэчы з кіраўніком Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкай Сурвіллай, якая прайшла 5 кастрычніка ў Таліне, паведаміла прэс-служба эстонскага МЗС.
"Мы ўсяляк падтрымліваем дэмакратычныя сілы Беларусі і апазыцыю, а таксама беларускі народ, даючы яму магчымасьць убачыць, як дзейнічае дэмакратычны дзяржаўны парадак. Добрым прыкладам гэтага зьяўляецца навучаньне 10 беларускіх студэнтаў у эстонскіх ВНУ", -- сказаў міністар.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла азнаёміла эстонскага міністра са сваімі бачаньнем сытуацыі ў Беларусі.

У траўні 2006 года Эстонія забараніла ўезд на сваю тэрыторыю або транзыт праз яе шэрагу беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандру Лукашэнку. Такім чынам Эстонія падтрымала "чорны сьпіс" Эўразьвязу, у які ўключаныя асобы, адказныя за парушэньні правоў чалавека і зьнікненьні людзей у Беларусі.

Акрамя таго ўрад Эстоніі вырашыў навучаць за кошт дзяржавы студэнтаў, якіх выключылі з беларускіх ВНУ за прыналежнасьць да апазыцыі.