Імёны Свабоды: Рыгор Клімовіч

Уладзімер Арлоў, Менск 3.10.1924, в. Шляхецкая Ваколіца (цяпер в. Цярэшкавічы, Гомельскі раён) — 1.7.2000, Гомель.
У ягонай душы заўсёды жыў вольналюбівы дух продкаў- ліцьвінаў з роднае вёскі Шляхецкая Ваколіца, назву якой бальшавікі сьцёрлі з мапаў.

Пры канцы 1942-га васямнаццацігадовы юнак пераходзіць лінію фронту, каб дабрацца да Саратава, дзе ў эвакуацыі знаходзіўся Гомельскі тэхнікум, куды Рыгор паступіў перад самым пачаткам вайны. Падчас блуканьняў па Расеі Клімовіча па абвінавачваньні ў “шпіёнстве” схапіла НКВД. Пачынаюцца яго блуканьні па пакутах, якія зацягнуліся на паўтара дзясятка гадоў.

За напісаныя пасьля арышту антысталінскія вершы Клімовіча накіроўваюць у Горляг пад Нарыльскам, што меў неафіцыйную рэпутацыю лягеру сьмерці. У 1950-м яго паўторна асуджаюць на 10 гадоў зьняволеньня.

Пасьля таго, як “бацька ўсіх народаў” выправіўся на той сьвет і ў СССР пачаліся масавыя амністыі, у Горлягу рэжым, наадварот, зрабіўся яшчэ больш жорсткім. Ахова атрымала дазвол расстрэльваць зьняволеных без суду й сьледзтва. Калі колькасьць забітых наблізілася да 20, цярпеньне вязьняў высілілася: 25 траўня 1953 году над лягерам быў узьняты чорны з чырвонай паскаю сьцяг паўстаньня. На чале яго стаў беларус Рыгор Клімовіч.

Паўстанцы патрабавалі прыезду з Масквы камісіі ЦК КПСС, рэабілітацыі іншадумцаў і вязьняў, якія да 1939 году не былі грамадзянамі СССР. Выступ зьняволеных доўжыўся 40 дзён, пасьля чаго войскі МГБ атрымалі загад увайсьці на тэрыторыю Горлягу і адкрыць агонь на зьнішчэньне з усіх відаў зброі. За тры дні палегла болей за тысячу вязьняў, але крывавыя ахвяры не пайшлі намарна. Горляг быў расфармаваны, і гэта ўратавала мноства іншых жыцьцяў.

Да канца 1980-х Клімовіч заставаўся пад наглядам КГБ, але і ў той пэрыяд не пакідаў супраціву: наладжваў сувязі паміж вэтэранамі ГУЛАГу, працаваў над успамінамі, якія пад назваю “Конец Горлага” выйшлі асобнай 350-старонкавай кнігаю ў 1999-м. На той час імя правадыра легендарнага паўстаньня і, дарэчы, аўтара ягонага гімну было добра вядомае ня толькі ў Беларусі. Клімовіч выступаў на міжнародных канфэрэнцыях і на мітынгах, актыўна супрацоўнічаў з расейскім “Мэмарыялам” і “Мартыралёгам Беларусі”. Ён палымяна й доказна абвяргаў культываваную за савецкім часам дый пазьней думку аб “пакорліва-талерантным” няўдзеле беларусаў у антысталінскім супраціве. Найяскравейшым у арсэнале яго доказаў было тое самае Нарыльскае паўстаньне, у якім бралі ўдзел болей за пяць тысяч беларусаў, чацьвёра зь якіх узначальвалі паўстанцкія камітэты.