Беларусь пакуль не абмяркоўвае ўвядзеньне візаў для грамадзянаў Грузіі

Альгерд Невяроўскі, Менск Пра гэта Радыё Свабода паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў. Сёньня некаторыя расейскія СМІ перадалі словы намесьніка дырэктара фэдэральнай міграцыйнай службы Міхаіла Цюркіна — пра тое, што ўвядзеньне беларускіх візаў для грамадзянаў Грузіі абмяркоўваецца.
Радыёстанцыя “Эхо Москвы” цытуе словы Міхаіла Цюркіна, які заявіў, што расейскі й беларускі бакі цяпер абмяркоўваюць пытаньне ўвядзеньня Беларусьсю візавага рэжыму з Грузіяй. Паводле словаў расейскага чыноўніка, гэта робіцца, каб грамадзяне Грузіі не маглі бязь візаў трапляць празь Беларусь на тэрыторыю Расеі.

Намесьнік дырэктара фэдэральнай міграцыйнай службы Расеі гаворыць, што ягонае ведамства цяпер робіць усё, каб увесьці ў прававое поле грамадзянаў Грузіі, якія нелегальна знаходзяцца ў Расеі.

Але ці сапраўды вядуцца такія перамовы паміж Масквой і Менскам? Вось што гаворыць прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў:

(Папоў: ) “Афіцыйна гэтага пытаньня перад намі ніхто ня ставіў. У сытуацыі, калі няма афіцыйнай пастаноўкі гэтага пытаньня, то і весьці гаворку на гэтую тэму мы ня бачым ніякага сэнсу”.

Напярэдадні сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў беларускія ўлады пагражалі ўвесьці візавы рэжым для грамадзянаў Грузіі. Тады гэта таксама матывавалася выкананьнем саюзьніцкіх дамоваў з Расеяй. Але пасьля таго, як улады Грузіі заявілі, што ў адказ увядуць візы не для ўсіх грамадзянаў Беларусі, а толькі для беларускага кіраўніцтва, афіцыйны Менск адмовіўся ад гэтай ідэі.