Расея пачала транспартную і паштовую блякаду Грузіі

Вячаслаў Ракіцкі, Прага Працягваецца грузінска-расейскі канфлікт, нягледзячы на тое, што ў Маскву вярнуліся расейскія вайскоўцы, затрыманыя грузінскімі ўладамі паводле абвінавачаньня ў шпіянажы. Ад сёньняшняга дня Расея спыніла транспартныя і паштовыя зносіны з Грузіяй. Афіцыйныя асобы заяўляюць, што транспартная і паштовая блякада зьвязаная з запазычанасьцю грузінскіх перавозчыкаў і парушэньнямі паштавікоў гэтай краіны. Грузія зьбіраецца абскардзіць у міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі рашэньне Расеі пра спыненьне паветраных зносінаў з Тбілісі. Тым часам Злучаныя Штаты заклікаюць Расею і Грузію “зьнізіць градус рыторыкі і вярнуцца да супрацоўніцтва.”
Расейскі міністар абароны Сяргей Іваноў вітаў на радзіме афіцэраў, якія вярнуліся пасьля затрыманьня ў Грузіі, як герояў.

(Іваноў:) “Віншую вас зь вяртаньнем на родную зямлю з грузінскіх засьценкаў. Хачу вам падзякаваць за мужнасьць, за тое, што вы выявілі ўласьцівую расейскім афіцэрам вытрымку і гонар. Я не выключаю, што гэта апошні афіцыйны рэйс з Рэспублікі Грузія.”

Пакуль невядома, ці будуць словы міністра пра “апошні палёт” азначаць нешта большае, чым пагрозу. Аднак сёньня ўжо няма ніякіх палётаў паміж суседнімі краінамі. Аэрафлот паведаміў пра скасаваньне ўсіх рэйсаў да канца кастрычніка. Блякаваны і транзыт цягнікамі, аўтамабілямі і вадаплавамі. Таксама спыненыя паштовыя зносіны, што, як цьвердзяць грузінскія чыноўнікі, незаконна, бо грузінска-расейскія пагадненьні не прадугледжваюць зьменаў у аднабаковым парадку.

Найбольш адчувальнай для Грузіі можа стаць забарона на перасылку тэлеграфам грошаў з Расеі, бо расейскія заканадаўцы ў наступныя дні зьбіраюцца абмеркаваць гэтае пытаньне. Да паўтара мільёну этнічных грузінаў пражываюць і працуюць у Расеі. Масква кажа, што яны адсылаюць дамоў да двух мільярдаў даляраў штогод, зь якіх да таго ж ня плацяць у расейскую казну падаткі. Аднак Нацыянальны банк Грузіі лічыць гэта перабольшваньнем. Паводле яго дадзеных, за 8 месяцаў сёлета грузіны перадалі дамоў 219 мільёнаў даляраў.

Толькі 10 тысячаў грузінскіх грамадзянаў, якія працуюць у Расеі, там зарэгістраваныя. Многія зь нелегалаў аказаліся пад пагрозай высылкі. І ўжо ўчора ў Маскве былі затрыманыя 13 чалавек.

Сёньняшнія санкцыі ня першыя, якія Расея ўвяла супраць Грузіі. Увесну Расея забараніла імпарт віна, мінэральнай вады і сельгаспрадуктаў, матывуючы тым, што яны небясьпечныя для здароўя.

Учора сьпікер грузінскага парлямэнту Ніно Бурчанадзэ ў заявіла, што Грузія будзе супраціўляцца блякадзе, але гэта ня ёсьць шлях, якім цывілізаваныя краіны павінны размаўляць паміж сабой. Сёньня яе расейскі калега Барыс Грызлоў сказаў журналістам, што санкцыі скіраваныя ня супраць грузінскага народу, а супраць рэжыму Саакашвілі.

Стасункі паміж Грузіяй і Расеяй пагоршыліся пасьля ягонага прыходу да ўлады ў 2003 годзе. Тбілісі абвінавачвае Маскву ў падтрымцы сэпаратыстаў у Паўднёвай Асэтыя і Абхазіі. Масква злуецца на спробы Грузіі выйсьці зь яе зоны ўплыву і далучыцца да НАТО.

Грузінска-расейскі крызыс апускаецца да самай нізкай адзнакі. Тым часам Эўразьвяз і Злучаныя Штаты заклікаюць бакі спыніць канфрантацыю і вярнуцца да супрацоўніцтва.