Лідэры партыяў дэмакратычнай кааліцыі падтрымалі рашэньне Мілінкевіча

Радыё Свабода, Менск Рашэньне Аляксандра Мілінкевіча ўзяць на сябе арганізацыю руху “За свабоду” лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін ацаніў як правамернае.
Калякін мяркуе, што ў такім выпадку спадар Мілінкевіч будзе прадстаўляць адзін з суб’ектаў кааліцыі аб’яднаных дэмакратычных сілаў:

(Калякін: ) “Мілінкевіч увайшоў у палітыку, але сёньня ён не абапіраецца ні на адну партыю, бо ён беспартыйны чалавек. І калі ён мае намер стварыць рух, які будзе дзейнічаць эфэктыўна і працаваць на дэмакратыю ў Беларусі, то думаю, што ў гэтым нічога кепскага няма”.

Паводле спадара Калякіна, гэтак жа не супярэчаць агульнай справе і стварэньне левацэнтрысцкай кааліцыі ПКБ і БСДП “Грамада”, якое адбываецца апошнім часам.

Страшыня АГП Анатоль Лябедзька таксама мяркуе, што спадар Мілінкевіч мае права на самастойныя крокі — як стварэньне асобнага руху.

(Лябедзька: ) “Мы будзем ставіцца да гэтага руху ў такім выпадку, як і да астатніх суб’ектаў кааліцыі. Калі гэта будзе дзейнасьць у тым фармаце, за які мы аднагалосна галасавалі, то тады, безумоўна, будзе супрацоўніцтва”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч прызнаў, што на сёньня канструкцыя кааліцыі, збудаваная на леташнім кангрэсе дэмакратычных сілаў, распалася, і ідуць дыскусіі аб новым фармаце.

(Івашкевіч: ) “З другога боку, ёсьць беспартыйныя, якія ня хочуць уступаць у ніякую партыю, але жадаюць самаарганізавацца. І аб’ядноўвае іх тое, што яны галасавалі за Мілінкевіча і ягоную праграму. Тое, што ён хоча іх аб’яднаць, — гэта яго права, гэта карысна”.

Віктар Івашкевіч мяркуе, што спадару Мілінкевічу трэба будзе вызначыцца з назвай і формай руху — гэта будзе партыя ці грамадзкае аб’яднаньне, бо толькі партыі паводле заканадаўства могуць вылучаць палітычныя патрабаваньні.