Мясцовыя выбары пройдуць у адзін тур

Радыё Свабода, Менск Сёньня Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаньнях прыняла зьмены ў выбарчае заканадаўства. Бальшыня паправак тычыцца мясцовых выбараў. Аднак некаторыя зьмены закранаюць абраньне прэзыдэнта, а таксама выбары на трох узроўнях — прэзыдэнцкіх, парлямэнцкіх, мясцовых.
Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, якая абгрунтоўвала неабходнасьць паправак, адзначыла найбольш значныя зьмены. Найперш гэта правядзеньне мясцовых выбараў у адзін тур. Цяпер, каб стаць дэпутатам, ужо ня трэба будзе абсалютнай большасьці галасоў, дастаткова адноснай.

Зьмены таксама тычацца арганізацыі сустрэчаў з выбаршчыкамі па-за памяшканьнямі пры правядзеньні выбарчай кампаніі ўсіх узроўняў. Цяпер арганізацыя і правядзеньне такіх сустрэчаў будзе адбывацца ў адпаведнасьці з заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах. Гэта значыць, што арганізатарам такіх сустрэчаў трэба браць дазвол на іх у выканкамах і зьвяртацца туды не пазьней чым за пяць дзён да заплянаванай сустрэчы.

Яшчэ адна зьмена — усе агітацыйныя матэрыялы на выбарах любога ўзроўню можна будзе вырабляць выключна на тэрыторыі Беларусі, падкрэсьліла Лідзія Ярмошына:

(Ярмошына: ) “Наяўнасьць гэтай нормы дазволіць усталяваць належны кантроль за выдаткаваньнем грашовых сродкаў з рэспубліканскага бюджэту на гэтыя мэты. Вам усім, мабыць, надакучылі агітацыйныя й друкаваныя матэрыялы, якія былі вырабленыя ў Смаленску, Волагдзе і г.д. Цяпер закон усталёўвае прамую непасрэдную забарону на гэта”.

Палітычныя партыі, якія раней маглі накіроўваць у якасьці назіральнікаў за выбарчым працэсам сваіх прадстаўнікоў, цяпер мусяць прапаноўваць назіральнікаў выключна зь сябраў сваёй партыі.

Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Анатоль Ляўковіч назваў гэтыя ды іншыя зьмены выбарчага заканадаўства “закручваньнем гаек”:

(Ляўковіч: ) “Ну, зразумела, што такое — даваць заяўку на сустрэчу каля пад’езду дома?! Гэта ж ясна — жорсткае абмежаваньне і рэгуляцыя маіх камунікацыяў з насельніцтвам. Пра якую тут можна казаць свабоду? Раней можна было праводзіць выбарчую кампанію ў дварах, і нават карыстацца мэгафонам. Цяпер жа ўсё гэта, як кажуць падразаецца. І невыпадкова — такія рашэньні прынятыя з прыцэлам не на мясцовыя, а на парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары”.

За зьмяненьні прагаласавалі 103 дэпутаты, супраць — 3. Толькі Віктар Кучынскі публічна выступіў супраць унясеньня зьменаў ў Выбарчы кодэкс:

(Кучынскі: ) “Выканаўчая вэртыкаль мусіць ствараць умовы спаборніцтва. Патрэбна рабіць так, як на спартовых спаборніцтвах. Прыкладам, пабеглі 5 чалавек. Хто першы прыбег, той і пераможца. Можа, тады няхай будзе і адзін тур. Але калі мы гаворым пра адзін тур, дык трэба ісьці далей — і мяняць усю выбарчую сыстэму”.

Віктар Кучынскі сказаў таксама, што, калі б гэты кодэкс зь сёньняшнімі папраўкамі дзейнічаў у 1990 годзе, калі ён упершыню абіраўся дэпутатам, дык ён бы ім ніколі ня стаў.