Апазыцыю ня хочуць пускаць да выбаршчыкаў?

Радыё Свабода Сёньня абедзьве палаты Нацыянальнага сходу Беларусі пачынаюць восеньскую сэсію. І ў першы ж дзень Палата прадстаўнікоў зьбіраецца абмеркаваць папраўкі да Выбарчага кодэксу.
Зьмяненьні і дапаўненьні ў выбарчае заканадаўства ўнесеныя ў Палату ад імя кіраўніка беларускай дзяржавы. Самае кідкае зь іх – адмена на мясцовых выбарах другога тура галасаваньня. На сёньняшні момант каб стаць дэпутатам патрэбна набраць ня менш за 50% плюс 1 голас выбаршчыкаў. Цяпер жа прапануецца, каб дэпутацкі мандат адразу атрымліваў кандыдат, які набірае больш за іншых галасоў у першым туры.

Спэцыялісты, якія ўжо прааналізавалі прэзыдэнцкія прапановы, лічаць, што адмена другога туру не супярэчыць дэмакратычным працэдурам. Шмат краін даволі даўно ужываюць такую сыстэму. Кіраўнік камісіі ў справе выбарчага заканадаўства Аб''яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер адзначае:

(Альфэр: ) “Дрэнна тое, што фактычна ліквідуецца інстытут сустрэчы з выбаршчыкамі. У кандыдата застаецца адзіная магчымасьць без дазволу ўладаў сустракацца з выбаршчыкамі -- гэта толькі хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй. Любая палітычная структура, якая знаходзіцца ў апазыцыі ўладзе, хоча сама прыйсьці да ўлады праз выбары. І яна, зразумела, мусіць камунікаваць з выбаршчыкамі, прадстаўляць ім сваю праграму і свае погляды".

Спадар Альфэр тлумачыць розьніцу паміж дзейным заканадаўствам і папраўкамі, якія прапануюцца ад імя Аляксандра Лукашэнкі:

(Альфэр: ) "На сёньняшні дзень падчас выбарчай кампаніі ўсе сустрэчы з выбаршчыкамі праходзяць згодна з Выбарчым кодэксам, а ня згодна з законам аб вулічных шэсьцях, мітынгах ды дэманстрацыях. Гэта азначае, што для таго, каб сустрэцца з выбаршчыкамі ў дварах, паставіць пляншэт альбо правесьці пікет, няма патрэбы браць дазвол ва ўлады. Але ў апошнія гады ўлады і гэтаму заміналі, а некаторых актывістаў за такія дзеяньні каралі згодна з Адміністрацыйным кодэксам. Гэта было незаконна, і ўлады гэта разумелі. Цяпер жа гэта ўзводзіцца ў закон".

Гэтае ды іншыя меркаваньні экспэрты АГП выклалі ў матэрыялах, якія накіравалі кожнаму з дэпутатаў Палаты. Ці адрэагуюць тыя, стане вядома сёньня.

Ці можа за магчымай адменай другога туру галасаваньня на рэгіянальным узроўні тое ж самае адбыцца і на парлямэнцкіх выбарах? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да старшыні Цэнтарвыбаркаму. Лідзія Ярмошына лічыць, што пытаньне прадстаўніцтва на выбарах рознага ўзроўню існуе:

(Ярмошына: ) "Калі галасаваньне адбываецца згодна з дзейным цяпер заканадаўствам, то бок у першым туры дзейнічае прынцып абсалютнай бальшыні, дык дэпутат праходзіць праз сіта большай колькасьці выбаршчыкаў. Ягоная легітымнасьць робіцца як бы вышэйшай. Таму для парлямэнцкіх выбараў гэта мае значэньне".

Дзейны цяпер Выбарчы кодэкс быў прыняты 11 лютага 2000 году. Зьмены ў яго ўносіліся двойчы – у 2000-м і 2003-м гадах. Міжнародныя экспэрты шмат разоў адзначалі недакладнасьць прапісаных у ім некаторых выбарчых працэдураў. Асабліва крытыкуюць Беларусь за практыку масавага датэрміновага галасаваньня.