Рэакцыі на выступ Лукашэнкі: разрыў адносінаў з Расеяй нерэальны

Валер Каліноўскі, Менск Учарашняя прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі трансьлявалася ўвечары па ўсіх чатырох агульнанацыянальных каналах тэлебачаньня. Сёньня яе стэнаграма апублікаваная ў дзяржаўных газэтах. Беларускія палітыкі не заўважылі кардынальна новых думак у гэтым выступе Аляксандра Лукашэнкі перад расейскімі рэгіянальнымі журналістамі.
Беларускія палітыкі перш за ўсё зьвярнулі ўвагу на ўчарашнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі наконт магчымага разрыву адносінаў з Расеяй, калі тая даможацца рыначных цэн на газ. Гаворыць лідэр ПКБ Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Ну як можа адбыцца поўны разрыў адносін з Расеяй? Гэтага ня можа быць, гэта запалохваньне Расеі, беларускага насельніцтва ці каго яшчэ, невядома. Вельмі-вельмі неадэкватна ён паводзіў сябе, супярэчыў сам сабе ў розных момантах выступу”.

Сяргей Калякін перакананы, што Аляксандар Лукашэнка толькі паўтарыў ранейшыя свае тэзісы, і што ніякага паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй ня будзе, у тым ліку і рэфэрэндуму наконт Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы, ня будзе і саюзнай валюты, – перш за ўсё таму, што гэта нявыгадна самому Лукашэнку.

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч словы Аляксандра Лукашэнкі аб магчымым разрыве эканамічных адносін з Расеяй ацаніў як нерэальныя:

(Вайтовіч: ) “Па-першае, гэта вельмі жорстка, па-другое, гэта хлусьня. Таму што эканоміка не залежыць ад Лукашэнкі, гэта не загад КДБ ці АМОНу ісьці на вуліцы і хапаць людзей. Эканоміка ўсё роўна будзе жыць паводле сваіх законаў, і разрыў эканамічных сувязяў з Расеяй не наступіць”.

Лідэр ЛДПБ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч зазначыў, што стратэгічна новых падыходаў у выступе А. Лукашэнкі няма, бо ён зыходзіў з таго, што Беларусь была і застанецца сувэрэннай дзяржавай. Што да заявы аб магчымым разрыве адносінаў з Расеяй з-за новага кошту на газ, то спадар Гайдукевіч яе ацаніў наступным чынам:

(Гайдукевіч: ) “Ідзе працэс, звычайны палітычны працэс, які кожны бок выкарыстоўвае для сваіх мэтаў. Расея – сувэрэнная дзяржава, мы – сувэрэнная дзяржава, мы сябруем, будуем саюзную дзяржаву. Але сувэрэнітэт рэспублікі непахісны. І ніякіх замахаў на яго не можа быць ні з чыйго боку”.

Прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксей Кароль ацэньвае рэзкія выказваньні А. Лукашэнкі на адрас расейскага кіраўніцтва як ягоны тактычны ход з мэтай дамагчыся далейшай палітычнай і эканамічнай падтрымкі Расеі:

(Кароль: ) “Але зразумела і іншае – дзеля захаваньня сваёй улады Лукашэнка можа быць вельмі зацятым сувэрэншчыкам”.