Трэцяга тэрміну Пуціна ня будзе?

Радыё Свабода Цэнтральная выбарчая камісія Расеі адхіліла прапанову аб правядзеньні рэфэрэндуму аб трэцім прэзыдэнцкім тэрміне Ўладзімера Пуціна. Ініцыятыву вылучыла малавядомая паўночнаасецінская грамадзкая арганізацыя “Згода і стабільнасьць”. Расейская ЦВК палічыла неканстытуцыйнай фармулёўку, якую было прапанавана вынесьці на плебісцыт “Ці згодны Вы з тым, што адна і тая ж асоба ня можа займаць пасаду прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі больш двух тэрмінаў запар?”. Магчымасьць для Пуціна балятавацца на трэці тэрмін адкрываў бы адмоўны адказ на рэфэрэндуме на гэтае пытаньне.
Аднак расейскі Цэнтарвыбаркам у сваім рашэньні адзначыў, што палажэньне пра тое, што адна асоба ня можа займаць прэзыдэнцкую пасаду больш чым два тэрміны запар, утрымліваецца ў расейскай Канстытуцыі, а паводле закону, канстытуцыйныя палажэньні ня маюць патрэбы ў дадатковым пацьверджаньні. На гэтай падставе прапанова правесьці рэфэрэндум з такім канкрэтным пытаньнем была адхіленая. Старшыня расейскай ЦВК Аляксандар Вешнякоў пракамэнтаваў рашэньне камісіі наступным чынам.

(Вешнякоў: ) "Пытаньне, якое прапаноўвалася на рэфэрэндум, так сфармуляванае, што ён не адпавядае фэдэральнаму заканадаўству. У фэдэральным канстытуцыйным законе аб рэфэрэндуме Расейскай Фэдэрацыі прадугледжаны часовы люфт, які не дапускае рэфэрэндумаў з такімі пытаньнямі наагул".

Наконт “часовага люфту” Аляксандар Вешнякоў патлумачыў, што расейскі закон не дапускае правядзеньне плебісцытаў з падобнымі пытаньнямі ў апошні год паўнамоцтваў Дзярждумы, які пачынаецца са сьнежня 2006 году. А самая працэдура падрыхтоўкі рэфэрэндуму патрабуе ня менш як 3 месяцы.

Дарэчы, сам Ўладзімер Пуцін падчас апошняга візыту ўва Францыю ў чарговы раз заявіў, што ня схільны да зьмены Канстытуцыі. ”Я ўдзячны тым грамадзянам Расеі, якія аказваюць мне давер. Але на пытаньне, што рабіць у такой сытуацыі , адказ можа быць толькі адзін – падпарадкавацца закону і Канстытуцыі, якія дзейнічаюць у Расеі,” – сказаў Уладзімер Пуцін.